“Наступствы рэфэрэндуму мы адчуваем і цяпер”

24 лістапада 1996 году ў Беларусі адбыўся рэфэрэндум, у выніку якога былі ўнесеныя кардынальныя зьмены ў Канстытуцыю краіны, распушчаны Вярхоўны Савет XIII скліканьня, Дзень незалежнасьці перанесены на 3 ліпеня, забаронены купля і продаж зямлі і ў заканадаўстве пакінутае сьмяротнае пакараньне.
8 жніўня 1996 году Аляксандар Лукашэнка афіцыйна зьвярнуўся ў Вярхоўны Савет XIII скліканьня з прапановай правесьці рэфэрэндум аб зьменах у Канстытуцыю. Канстытуцыйны суд вынес рашэньне, што вынікі рэфэрэндуму ня могуць мець абавязковага характару. Дэпутаты зьбіралі подпісы за імпічмэнт прэзыдэнта. Але ўлада рабіла выгляд, што ня ведае пра пастанову найвышэйшага суду краіны.

Калі процістаяньне ўладаў і апазыцыі дасягнула апагею, у Менск з Масквы прыехалі міратворцы на чале з тагачасным расейскім прэм’ерам Віктарам Чарнамырдзіным. Рэфэрэндум улады правялі. Дасюль увесь цывілізаваны сьвет не прызнае вынікаў таго рэфэрэндуму...

Што да наступстваў рэфэрэндуму, то тагачасны судзьдзя Канстытуцыйнага суду Валеры Фадзееў (які адразу на знак нязгоды з вынікамі рэфэрэндуму падаў у адстаўку) ацэньвае іх так:

“Што да яго наступстваў, то іх мы цяпер бачым. У нас ёсьць праблемы з падзелам уладаў. Мы атрымалі, ня ведаю для чаго, дзьвюхпалатны парлямэнт ва ўнітарнай дзяржаве. Мы атрымалі яшчэ адзін цэнтар заканатворчасьці. Гэта не спрыяла разьвіцьцю дэмакратыі ў краіне і насамрэч затармазіла той працэс, які пачаў адбывацца ў 1990-х гадах”.
Уладзімер Навасяд быў у 1996 годзе самым маладым дэпутатам парлямэнту. Праз 12 гадоў пасьля тых падзеяў і кадэнцыі ўжо ў Палаце прадстаўнікоў ён пасталеў:

“У палітыцы няма дрэнных ці добрых рашэньняў, ёсьць своечасовыя і запозьненыя. Калі часам згадваю тыя падзеі, прыходжу да высновы, што адмова ініцыятывы БНФ аб роспуску парлямэнту, праца над Канстытуцыяй пад прэм’ера Кебіча падводзілі да падзеяў таго часу. Мы маем сёньня разбураную сыстэму заканадаўчай, судовай уладаў. Як вынік – засталіся па-за эўрапейскімі працэсамі на сёньняшні дзень”.

Дэпутат Вярхоўнага Савету XIII скліканьня Сяргей Калякін быў заўзятым праціўнікам правядзеньня рэфэрэндуму, падпісантам імпічмэнту:

“Я папярэджваў, што будзе ўсталяваная дыктатура ў Беларусі, будзе зьнішчаная законнасьць, будзе толькі воля аднаго чалавека кіраваць у грамадзтве. Сёньня мы гэта маем”.

У выніку рэфэрэндуму былі ўнесеныя зьмены ў Канстытуцыю, парлямэнт распушчаны. Па-рознаму склаўся лёс дэпутатаў. Старшыня Вярхоўнага Савету XIII скліканьня Сямён Шарэцкі зьехаў у эміграцыю ў ЗША. Першы намесьнік старшыні Васіль Новікаў працаваў дыпляматам у Малдове, кіраўніком Інстытуту сацыялёгіі. Намесьнік старшыні Уладзімер Канаплёў доўга быў у палітыцы, цяпер сышоў у цень. Намесьнік старшыні Генадзь Карпенка раптоўна памёр у 1999 годзе. Экс-старшыня ЦВК Віктар Ганчар у тым жа 1999-м зьнік. Многія цяпер у апазыцыі...