Каля 80 тысяч студэнтаў выйшла сёньня на вуліцы вэнэсуэльскіх гарадоў, каб папярэдзіць прэзыдэнта Уга Чавэса, што з чарговымі выбарамі ў краіне яму ня пойдзе так лёгка, як з папярэднімі.
Апранутыя толькі ў сподняе студэнты пратэстуюць на вуліцах з лёзунгамі „Ты ўкраў усё! У мяне засталіся адно трусы! Але майго голасу ты не ўкрадзеш!” Студэнткі паводзяць сябе больш стрымана — яны не агаляюцца, бо, як-ніяк, Вэнэсуэла — каталіцкая краіна.
У нядзелю 23 лістапада вэнэсуэльцы будуць выбіраць губэрнатараў 22 штатаў ды мэраў 338 гарадоў краіны. Палітычныя назіральнікі і аналітыкі кажуць, што выбары будуць надзвычай важным тэстам папулярнасьці для Чавэса, які год назад зь невялікай розьніцай прайграў рэфэрэндум, які дазволіў бы яму кіраваць Вэнэсуэлай пажыцьцёва.
Чатыры гады таму прапрэзыдэнцкія кандыдаты выйгралі губэрнатарскія выбары ў 20 штатах Вэнэсуэлы, зьмёўшы апазыцыю з палітычнай сцэны амаль дашчэнту. Але цяпер сытуацыя зьмянілася. Катастрафічна ўпалі цэны на нафту, і папулісцкі "сацыялізм 21-га стагодзьдзя" Уга Чавэса, які абапіраўся перш за ўся на даходы з экспарту нафты і нафтавых прадуктаў, пачаў даваць збоі.
Мяркуецца, што апазыцыйныя кандыдаты маюць шанцы выйграць прынамсі ў чатырох штатах, а паводле некаторых апытаньняў — нават у дзесяці. Чатыры штаты — гэта, арытмэтычна беручы, няшмат, але палітычна — гэта вяртаньне апазыцыі зь нябыту ў вялікую палітыку, бо гутарка ідзе пра самыя шматлюдныя штаты і гарады, уключна са сталіцай Каракасам, якія маюць вялікую палітычную вагу ў краіне.
Пікантнасьці выбарам дадае факт, што былая жонка Уга Чавэса, надзвычай фотагенічная 43-гадовая Марысабэль Радрыгес, балятуецца на выбарах на пасаду мэра свайго роднага мястэчка паводле апазыцыйнага сьпісу.
Студэнцкая дэманстрацыя напярэдадні рэгіянальных выбараў — моцны ўдар у папулісцкую аргумэнтацыю Чавэса (папулярнасьць якога ў грамадзтве ўсё яшчэ на высокай адзнацы 60 адсоткаў), што ягоныя палітычныя апанэнты — гэта нахлебнікі былога палітычнага істэблішмэнту, якія хочуць нанава адабраць народу яго багацьце. Маладых, дваццацігадовых людзей цяжка назваць нахлебнікамі папярэдняга рэжыму, калі мець на ўвазе, што Чавэс ужо 12 гадоў пры ўладзе.