21 лістапада ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень тэлебачаньня. Што думаюць вядомыя ў Беларусі асобы пра беларускае тэлебачаньне?
На канале ОНТ “Свабодзе” паведамілі: час панаваньня расейскага тэлебачаньня мінуў, цяпер звычайны беларускі глядач аддае перавагу, як там лічаць, нацыянальным тэлеканалам, асабліва гэта тычыцца інфармацыйных праграмаў. А як ставяцца да беларускага тэлебачаньня вядомыя ў Беларусі асобы?
Былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Мілінкевіч перакананы: на асноўных тэлеканалах — “Першым” і ОНТ — яго сьвядома замоўчваюць, а калі паказваюць ягоны твар, дык толькі каб абліць “прапагандысцкім брудам”. Так апошні раз было ў дзень парлямэнцкіх выбараў 28 верасьня, згадвае спадар Мілінкевіч. Сярод беларускіх каналаў Аляксандар Мілінкевіч аддае перавагу “Ладу”. А ў асноўным, мяркуе палітык, беларускаму тэлебачаньню не хапае праўдзівасьці й дыскусійнасьці.
“Мне найбольш не хапае культурніцкіх перадачаў, перадачаў на беларускай мове. Не хапае перадачаў пра нашу гісторыю. Думаю, што сёньня, калі ўлада ў пэўным сэнсе дэманструе змаганьне за незалежнасьць, хай і з асабістымі інтарэсамі, такія перадачы не пярэчылі б афіцыйнай палітыцы ўлады. Трэба выхоўваць у людзях сапраўдны, абгрунтаваны патрыятызм. Гэта таксама важна для незалежнасьці, а ня толькі перамовы з Расеяй ці Захадам”.
У навінах Аляксандра Мілінкевіча асабліва не задавальняе, што большасьць эфіру аддаецца Аляксандру Лукашэнку, а іншых палітыкаў быццам не існуе.
Лідэр беларускіх ліберал-дэмакратаў Сяргей Гайдукевіч прызнаецца: ён усё ж часьцей глядзіць расейскія тэлеканалы, а пра ўзровень беларускага тэлебачаньня невысокай думкі. Як станоўчае спадар Гайдукевіч адзначае, што апошнімі гадамі сталі паказваць больш якасных сэрыялаў. Ён зьдзіўляецца, што яго часьцей паказваюць на СТВ, зусім не глядзіць канал “Лад”, а як палітык аддае перавагу “Першаму нацыянальнаму”:
“Мне трэба ведаць меркаваньні ўлады, бо першы канал лічыцца афіцыйным. Але сярод маіх знаёмых, маіх суседзяў, якія ня ўцягнутыя ў палітыку, наколькі ведаю, гэты канал ня лічыцца папулярным”.
Прашу прэсавага сакратара ОНТ Аліну Праватораву пракамэнтаваць заўвагі пра тое, што беларускаму тэлебачаньню бракуе разнастайнасьці меркаваньняў:
“Наша інфармацыйная палітыка такая, што мы даем навіну і не даем да яе камэнтароў. Хай глядач сам робіць высновы адносна гэтай навіны”.
Юры Хашчавацкі мяркуе, што беларускае тэлебачаньне не адпавядае міжнароднаму ўзроўню, а капіюе расейскія тэлеканалы, якія, паводле кінарэжысэра, зрабіліся “спалучэньнем „папсы“ і прапаганды”:
“Тэлебачаньне сёньня — наймацнейшая зброя, магчыма, мацнейшая за ядзерную зброю. Ня трэба будаваць канцлягеры — гэта эканамічна нявыгадна. Дастаткова падвесьці да галавы чалавека калючы дрот у выглядзе тэлекабэлю або тэлеантэны, вось вам і канцлягер. І беларускае тэлебачаньне гэтай схеме вельмі адпавядае”.
Юры Хашчавацкі ня верыць у незалежнасьць якога б там ні было тэлеканалу: дзяржаўнага, камэрцыйнага ці нават грамадзкага. Аб’ектыўнасьць інфармацыі, паводле кінарэжысэра, можа забясьпечыць толькі наяўнасьць усіх гэтых відаў тэлебачаньня.
Пра сваю папулярнасьць сярод гледачоў беларускія каналы даюць супярэчлівыя зьвесткі. На тэлеканале ОНТ са спасылкай на службу “Новак” кажуць, што 39% беларускіх гледачоў аддаюць перавагу ім, а 19% збольшага глядзяць “Першы нацыянальны”.
Паводле Белдзяржтэлерадыёкампаніі, “Першы нацыянальны” кожны дзень глядзяць 46% гледачоў, “Лад” — 30,3%. Спасылаюцца тут на службу “Зеркало”.