Ці пойдзе ў адстаўку кіраўніцтва АДС?

Сёньня ў Вільні пры падтрымцы Рады Эўропы пачынаецца вялікая апазыцыйная канфэрэнцыя.
Цягам двух дзён 60 палітыкаў і экспэртаў абмяркуюць вынікі парлямэнцкай кампаніі і акрэсьляць пляны дэмакратычнай апазыцыі на бліжэйшую пэрспэктыву. Цікавасьць да канфэрэнцыі ўзрастае і таму, што магілёўская апазыцыя запатрабавала адстаўкі сустаршыняў Палітрады АДС.

Рыгор Кастусёў – кіраўнік Магілёўскай філіі Партыі БНФ і сябра каардынацыйнай рады абласной дэмакратычнай кааліцыі так патлумачыў “Свабодзе” прычыны дэмаршу сваіх калегаў:

“Найперш мы выказалі гэтае патрабаваньне з-за нездавальняючай арганізацыяй кампаніі “парлямэнцкія выбары”. Многія акругі засталіся без кандыдатаў у дэпутаты, нават не было збору подпісаў. Але ж на самым пачатку кампаніі кіраўніцтва АДС казала, што кампанія стане нагодай для інфармацыйнай працы з насельніцтвам. Дык якая ж гэта інфармацыйная праца, калі ў некаторых абласьцях палова акругаў засталася без кандыдатаў у дэпутаты?!”

Да таго ж, на думку магілёўскіх актывістаў, цяперашняя канструкцыя АДС шмат у чым нагадвае уладную “вэртыкаль”. І гэта – яшчэ адна падстава для незадавальненьня.

Сустаршыня Палітрады Аб’яднаных дэмсілаў Анатоль Лябедзька згадвае, што Магілёўшчына -- адзіны рэгіён у краіне, дзе ня створаная кааліцыя паводле адзінага правіла:

“Там няма кааліцыі. Але там ёсьць дэмакратычныя актывісты, ёсьць дэмакратычныя структуры. Тым ня менш пытаньне пастаўлена, наколькі правільна пабудавана кааліцыя аб’яднаных дэмакратычных сілаў? На мой погляд, на гэта адказваюць час і пэўныя рэальныя дзеяньні”.

Палітоляг Дзяніс Мельянцоў лічыць прэтэнзіі магілёўскіх дэмакратаў “цалкам абгрунтаванымі”:

“Тое, што самі структуры АДС пачалі рабіць такія заявы пра тое, каб адправіць у адстаўку кіраўніцтва, азначае -- надышлі ўжо такія крызісныя моманты, пасьля якіх трэба сур'ёзна думаць пра перафарматаваньне кааліцыі. Магілёўская арганізацыя яшчэ раней выступала супраць таго, каб Мілінкевіч быў выключаны з “рады дырэктароў” АДС. Зь яе шмат людзей перайшлі у “Рух За свабоду”. І яны лічаць, што ў АДС павінен быць адзін кіраўнік, то бок Мілінкевіч, як палітык, які мае найбольшы рэйтынг з усіх апазыцыянэраў.
Я думаю, што зьбег абставінаў, асабліва пасьля парлямэнцкіх выбараў, дзе было ня вельмі зразумела, хто за байкот, а хто супраць, і ці ёсьць наагул генэральная стратэгія ў АДС, сталі апошняй такой кропляй”.

На пытаньне, чым можа скончыцца дыскусія ў Вільні, Анатоль Лябедзька адказвае так:

“Што можна прагназаваць, дык гэта, безумоўна, дыскусію. Яна будзе складанай, яна будзе ня простай”.