Сьвятлана Алексіевіч: Усё супраць нас

Сьвятлана Алексіевіч

Госьцяй "Начной Свабоды" была пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч. Яна адказала на пытаньні "Свабоды", слухачоў і наведнікаў сайту нашага радыё.

Ганна Соўсь: Сьвятлана, мы прапанавалі наведнікам нашага сайту задаць вам пытаньні праз сайт svaboda.org. Напачатку размовы я хацела папрасіць Вас расказаць слухачам Свабоды, дзе вы цяпер жывяце ў Нямеччыне і над чым працуеце?

Сьвятлана Алексіевіч: Я зараз жыву ў Бэрліне. Напэўна, шмат хто ведае гэты горад і бываў там. Зараз нашы людзі вельмі шмат езьдзяць і любяць гэты горад. Але я яго практычна ня бачу, таму што заканчваю новую кнігу, якая называецца “Час second hand. Канец чырвонага чалавека”. Кніга пра апошнія дваццаць гадоў нашага жыцьця, што з намі было, у што верылі, да чаго прыйшлі, ці параза гэта, ці катастрофа, ці свабода… Адказы, як заўжды ў маім жанры, даюць сотні галасоў, сотні людзей рознага веку, узроўню ўспрыняцьця — усе мы спрабуем зразумець, што гэта такое.

Соўсь: Ведаеце, як толькі пачула слова second hand, адразу хачу задаць пытаньне Аляксандра з Магілёва: “Колькі, на вашую думку, павінна прайсьці часу, каб беларускі народ насыціўся патрыманымі машынамі, бытавой тэхнікай і гэтак далей і перайшоў да заваяваньня такіх каштоўнасьцяў, як свабодныя дэмакратычныя выбары і права прыватнай уласнасьці на зямлю?”

Алексіевіч: Гэта вельмі трапнае пытаньне. Акурат сёньня я працавала над споведзьдзю старога камуніста, і ў яго гэта прыкладна так гучала: “Так, у нас была мара. Няхай гэта скончылася морам крыві. Гэта ж наш ідэалізм. Мы былі не злачынцы, мы былі ідэалісты. А што ў вас зараз? Гаршчок капусты? Што гэта такое? Перамагла Яе Вялікасьць кілбаса? Жратва? Вынікае, што чалавеку больш нічога ня трэба?” Насамрэч, спажывецкі сьвет, цывілізацыя спажываньня — гэта вельмі моцнае ўражаньне і вельмі цяжкае выпрабаваньне і спакушэньне для згаладалых людзей. Гэта надта чалавечае жыцьцё, вельмі камфортнае, але і чарговы вялікі падман. Тут, у Эўропе, людзі ўжо гэта разумеюць і спрабуюць схапіцца за нешта духоўнае. Вось сёньня да мяне прыходзіў рамантаваць кампутар досыць просты чалавек. Ён расказаў, што ў выходныя дні яны зь сябрамі клюбу зьбіраюць дапамогу для дзяцей Афрыкі.
Я думаю, я нават упэўненая, што рэвалюцыі, на жаль, не адбудзецца. Мінуў час. Мы страцілі гэты шанец.
Чалавек спрабуе за нешта зачапіцца. Вось гэтага ў нас зараз няма. Кожны сам сабе. І нават людзі, якія змагаюцца ў імя беларускай ідэі, маладыя людзі, якіх я вельмі паважаю і захапляюся імі, я бачу іх расчараваньне, таму што яны самотныя сярод сваіх сяброў, іх няшмат. Калі нешта зьменіцца, я ня ведаю. Я думаю, я нават упэўненая, што рэвалюцыі, на жаль, не адбудзецца. Мінуў час. Мы страцілі гэты шанец. Застаецца эвалюцыя, але вельмі марудная. Усё супраць нас.


Соўсь
: І ў працяг нашай гаворкі, у Лёндане сёньня завяршыўся беларускі інвэстыцыйны форум, і ўчора ў эфіры Начной Свабоды сакратар Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі Сяргей Пяткевіч сказаў, што піяр-мэнэджэр Тымаці Бэл свой інвэстыцыйны форум правёў у Беларусі. Каб вам прапанавалі, як лорду Бэлу, палепшыць імідж Беларусі ў сьвеце, што найперш бы вы зрабілі?

Алексіевіч: Перш за ўсё, я б зрабіла тое, што нам даўно трэба рабіць. Хаця мяне ня вельмі любяць на радыё Свабода за маё меркаваньне, я лічу, што мы запозьненая нацыя. Мы сёньня вырашаем праблемы мінулага стагодзьдзя. Каб дагнаць час, трэба рабіць ня тую рэформу адукацыі, якую робіць наша ўлада, прэзыдэнт Лукашэнка, як яе называюць самі настаўнікі — “рэформу сантэхнікаў”. Усё — для адукацыі, гэта галоўнае, дзе мы можам нагнаць час: даць грошы, магчымасьці, свабоду, ініцыятыву настаўніку і нашым навукоўцам. Вось дзе наш гістарычны шанец. Але гэтыя пытаньні цягнуць за сабой праблему свабоды, дэмакратыі. А бачыце, як яна зьмізарнела, і ня толькі ў нас, а ва ўсім сьвеце. На свабоду ідзе сёньня наступленьне — ад страху, ад масавага бескультур’я.

Соўсь: У гэтыя дні ў сталіцы Нямеччыны адбываецца прэм’ера фільму “Невядомая жанчына з Бэрліну”. Паводле крытыкаў, гэта новы погляд на вызваліцеляў і тых, каго вызвалялі. Уражаньнямі ад фільму дзеліцца экспэрт у галіне мэдыяў Эдыт Шпільхаген, якая шэсьць гадоў працавала ў адукацыйным цэнтры IBB у Менску, вяла праекты, прысьвечаныя ў тым ліку і гісторыі другой сусьветнай вайны.

Эдыт Шпільхаген: Я зь вялікай цікавасьцю паглядзела фільм “Невядомая жанчына з Бэрліну”, прысьвечаны апошнім дням вайны. Фільм пра тое, як нямецкая жанчына прыходзіць да савецкага маёра, які служыць у камэндатуры ў Бэрліне, і распавядае, што савецкія салдаты згвалтавалі яе, а таксама іншых жанчын. Аднак фільм ставіць больш шырокія пытаньні. Што шукалі немцы ў СССР у часе другой сусьветнай вайны? Чаму яны ішлі ў гэтую краіну? Фільм дае адказ: рэакцыя маладых савецкіх салдат была досыць лягічнай, калі яны прыйшлі ў Бэрлін і ўзгадалі, што рабілі фашысты зь іхнымі сем’ямі. Фільм атрымаўся вельмі гуманістычны і, мяркую, будзе ўспрыняты ня толькі немцамі. Асноўная задача яго ў тым, каб вайна больш ніколі не паўтарылася.


Соўсь: Сьвятлана, каб Вы цяпер узяліся за дакумэнтальную прозу пра другую сусьветную вайну, якіх бы герояў абралі? Які б быў цяперашні погляд на тую вайну? Ці зьмяніўся ён з часоў напісаньня кнігі “У вайны не жаночае аблічча?”

На лініі Сталіна быў загад, і жанчыны яго строга трымаліся
Алексіевіч
: Два гады таму я зрабіла новую рэдакцыю гэтай кнігі, аднавіла выразанае цэнзурай, самацэнзурай (я таксама была чалавекам свайго часу). І шматлікія мае гераіні, сыходзячы, пакідалі мне свае лісты, успаміны. Час спрыяў адкрыцьцю праўды. Але вось тэма каханьня, сэксу была найбольш табуяваная. Гэта адзіная тэма, на якую я не магла разгаварыць сваіх гераінь. А яшчэ гадоў дзесяць таму мы зь нямецкім рэжысэрам Хельгай Зандэр рабілі фільм “Вызваліцелі і вызваленыя” на тэму прыходу савецкіх войскаў і абыходжаньня зь нямецкімі жанчынамі. Я выбрала тады найбольш цікавых, вальнадумных сваіх гераінь і хацела, каб яны расказалі ёй тое, што яны не расказалі мне. Памятаю, як мы былі ў Валянціны Чудаевай, камандзіра зэнітнай гарматы, яна рабіла пельмені, накрыла стол. Хельга задавала ёй пытаньні: “Скажыце, калі ласка, ну як маглі вашы мужчыны ўстрымацца? Ці можна спыніць чалавека на вайне? Не, жанчыны трымаліся. На лініі Сталіна быў загад, і жанчыны яго строга трымаліся. І скончылася тым, што Хельга ўпала на стол і заплакала, і нават закрычала: “Я прыйшла да вас, як сястра. Я хацела з вамі пагаварыць пра сьвет мужчын, які навязвае нам свае законы. Празь пяцьдзесят гадоў трэба казаць ужо пра вар’яцтва, а не пра перамогу”. Але жанчыны маўчалі. Усё гэта я дадала ў кнігу. І думаю, што сёньня я б дадала якіх-небудзь экзістэнцыйных рэчаў, распрацоўваючы тэму вайны вар’яцтва. Але жаночая псыхіка такая, што яна і ў тыя часы намацала нейкія такія мацерыкі пачуцьцяў, якія ўсё-ткі вытрымалі выпрабаваньне часам. Але я вельмі люблю гэтую кнігу і ня думаю, што я б сёньня ў ёй шмат што зьмяніла.

Соўсь: Пытаньні Сьвятлане Алексіевіч задаюць і слухачы “Свабоды” праз наш тэлефон аўтаадказьнік 266-39-52

Антон зь Менску: “Паважаная Сьвятлана, а што б вы зрабілі з бацькамі-п’яніцамі? І ці дапамогуць тут працоўныя лягеры, як тое прапануе зрабіць Лукашэнка?”

Соўсь: А я дадам, што ўчора Аляксандар Лукашэнка заявіў, што неабходна стварыць у кожнай вобласьці працоўныя лягеры для нядбайных бацькоў, якія ня хочуць сплачваць дзяржаве выдаткі на ўтрыманьне дзяцей. Спадарыня Сьвятлана, як бы вы адказалі на гэтае пытаньне?

Слухаем самае прымітыўнае ўяўленьне пра тое, як павінна быць наладжана жыцьцё. Асабіста я адчуваю пачуцьцё паразы
Алексіевіч
: Гэта жах, таму што слова “лягер”. Мая бабуля, украінка (у мяне маці ўкраінка, бацька — беларус), калі мы размаўлялі пра трыццаць сёмы год, вельмі добра сказала: “Гэты мех трэба толькі разьвязаць, і тады яго ўжо не завяжаш, дух назад не загоніш”. Я думаю, што гэта вельмі страшна і лягічна для аўтарытарнай улады прыйсьці да нейкай мадыфікацыі лягераў. Мы ўсё далей адыходзім ад спробы грамадзянскай супольнасьці. Чарнобыльскіх дзяцей ужо не пускаюць за мяжу, грамадзянскія ініцыятывы ўсе прыдушаныя пад жалезнай рукой дзяржавы. І ўвогуле, трэба, каб эўрапейскія краіны давалі грошы, а ён вырашаў, як імі распарадзіцца: ці лягеры для п’яніц будаваць, ці лядовыя палацы. Гэта кажа толькі пра бездапаможнасьць улады. А ўвогуле, уладу крытыкую я, вы на радыё Свабода, інтэлігентныя людзі. А народ жа маўчыць! І слухаем самае прымітыўнае ўяўленьне пра тое, як павінна быць наладжана жыцьцё. Асабіста я адчуваю пачуцьцё паразы”.

Соўсь: Сьвятлана, вас вылучалі на нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры. Наколькі вы сур’ёзна ставіцеся да гэтага? Ці ёсьць любая прэмія, і нобэлеўская ў тым ліку, сапраўднай ацэнкай пісьменьніку?

Алексіевіч: Гэтае пытаньне было б больш дарэчы для спартоўцаў, а для пісьменьніка наўрад ці. Мне проста цікава жыць, мне проста цікава думаць, мне цікава ўзірацца ў жыцьцё, аналізаваць. Я досыць шчасьлівы чалавек, хаця ў мяне каля 17 значных прэмій. Гэта радасная падзея, канечне, але я пра гэта сур’ёзна ня думаю”.

Соўсь: І зараз пытаньне ад наведніцы сайту Тамары зь Менску: “Паважаю і захапляюся Вамі і Вашымі працамі. Як хутка беларус пераможа свой страх і абыякавасьць? Вельмі чыста на вуліцах. Але кажуць, што шмат прыбірае той, у каго вельмі брудна і няўтульна на душы. Так бы мовіць кампэнсацыя. Гэта так?”

Алексіевіч: Я ня ўпэўнена, што гэта так. Я люблю прыгожыя рэчы. І калі да мяне прыходзяць, то ўсе зьдзіўляюцца. Там няма каруначкаў і візэруначкаў. Але я люблю прыгожыя рэчы. Усе думаюць, што тут павінна жыць нейкая мілітарыстка. Усё павінна быць жалезнае і непрыгожае, але ў той самы час я не магу сказаць, што я гэтым абараняюся ад чагосьці. Хаця ад нашых вуліц, асабліва ад менскіх (там, за Менскам, гэта адчуваньне зьнікае) гэтая чысьціня ўзмацняе адчуваньне таталітарызму, аўтарытарнасьці. У Брусэль, напрыклад, прыяжджаеш — брудны горад. У Парыжы пасьля абеду ці ў Флярэнцыі таксама брудна. Людзі жывуць, людзі вольныя, ад іх застаюцца сьляды. А тут няма сьлядоў. Ні ў гісторыі, ні ў нашых жыцьцях. Усё падчышчана. Што да нашага будучага жыцьця, я дзіўлюся, як хутка мы вярнуліся ў стойла, як хутка мы ўсё ўзгадалі. Мы маўклівыя. У мяне былі моманты адчаю: былі суды, мяне ня любіць улада, я вымушана жыць за мяжой. Гэта ня самы страшны канфлікт, які перажывае пісьменьнік. Гэта нармалёва для нашага пісьменьніка, мы заўжды так жылі. Але самае страшнае — гэта канфлікт з гэтым маленькім любімым мной беларусам, катораму сапраўды хапае гэтага гаршчка капусты. Гэты вульгарны пэрыяд трэба перажыць. Але так доўга чалавек ня ўзгадвае пра тое, што яму трэба быць нечым большым за адзінку гэтай сыстэмы.

Соўсь: І апошняе пытаньне ад наведніка сайту Севярына Глеба зь Бярозаўкі: “Дзе можна набыць вашыя кнігі”?

Алексіевіч: Цяпер у выдавецтве “Час” у Маскве выйшаў чатырохтомнік. Усе гэтыя кнігі пад новай рэдакцыяй. Іх можна набыць і ў Менску, у “Кароне”. Калі я там бываю, да мяне падыходзяць, я падпісваю. Адзінае, што мяне бянтэжыць — яны дарагія. Мяркую, што ў студзені будзе кніжная выстава. Выдавецтва зьбіраецца прывезьці мае кнігі, і я таксама б хацела прыехаць. Выдаць у Беларусі ніводнае выдавецтва не ўзялося, тым больш дзяржаўнае. Хаця, я думаю, гэта таксама прадмет асабістае мужнасьці. Ня думаю, што там за кожным стаіць Лукашэнка.

***
З прычыны абмежаванасьці эфірнага часу Сьвятлана Алексіевіч не пасьпела адказаць на шэраг пытаньняў наведнікаў сайту "Свабоды". Яна абяцала адказаць на іх пазьней, калі зноў будзе госьцяй Радыё Свабода.