Супрацоўнікі аховы Вярхоўнага суду затрымалі дзьвюх актывістак незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” — Насту Палажанку і непаўналетнюю Юлію Міхайлаву.
Некалькі маладафронтаўцаў правялі акцыю насупраць будынку Вярхоўнага суду. Яны трымалі расьцяжку: “Нюрнбэрскі працэс над камунізмам”.
Спачатку ахоўнікі схапілі Юлію Міхайлаву. Пасьля таго як празь пяць хвілін дзяўчынку ня выпусьцілі, даведацца, што зь ёю, пайшла Наста Палажанка. У выніку ахоўнікі затрымалі абедзьвюх дзяўчат.
У суд Вярхоўнага суду прыехалі супрацоўнікі КДБ і размаўлялі з кожнай дзяўчынай паасобку. У прыватнасьці, яны цікавіліся, што тыя маюць супраць камунізму.
Праз гадзіну Насту Палажанку адпусьцілі, а непаўналетнюю Юлію Міхайлаву адвезьлі ў міліцыю Ленінскага раёну. У 18:15 дзяўчыну забралі сваякі.