Таня Казыра пакуль маўчыць

Сёньня 16-гадовая Тацяна Казыра павінна даць канчатковы адказ сваім прыёмным амэрыканскім бацькам, ці вернецца яна ў Беларусь.

Дзевяць гадоў запар дзяўчына на летнія вакацыі прыяжджала ў сям’ю Мануэля і Дэборы Запатаў ў амэрыканскі горад Пэталуму. Сёлета яна вырашыла застацца ў Амэрыцы. А некалькі дзён таму ўразіла прыёмных бацькоў навіной, што вырашыла вярнуцца на радзіму.

Гісторыя 17-гадовай Тані Казыры, якая ў жніўні адмовілася вяртацца ў Беларусь са Злучаных Штатаў Амэрыкі, выклікала вялікі рэзананс. Зь дзяўчынай вялі перамовы беларускія дыпляматы, прасілі вярнуцца. Прыёмныя бацькі нанялі адвакатаў, каб тыя абаранялі інтарэсы Тацяны. З-за гэтай гісторыі ўскладнілася працэдура выезду на аздараўленьне іншых дзяцей, зьявіўся ўказ прэзыдэнта, згодна зь якім накіроўваць дзяцей на аздараўленьне можна толькі ў тыя краіны, зь якімі Беларусь заключыла адпаведныя пагадненьні. І вось нечакана для ўсіх Тацяна заявіла, што хоча вярнуцца. Прыёмныя бацькі далі ёй тыдзень на роздум, каб прыняць канчатковае рашэньне, і ў сераду гэты тэрмін сканчаецца.

Таніна бабуля Надзея Пятроўна Новік, якая гадавала Таню, сёньня паведаміла Радыё Свабода, што пакуль ніякіх навінаў ад унучкі няма. У аўторак увечары Надзея Пятроўна не магла датэлефанавацца да Тацяны:

“Нічога ня ведаю, нічога новага пакуль сказаць не магу. Звычайна і яна тэлефануе, і я ёй званю, але ўчора ці то на лініі праблемы, ці то занята пастаянна. Учора я так і не датэлефанавалася. Сёньня ўвечары буду спрабаваць званіць, можа, зьвяжуся...”

Надзея Пятроўна кажа, што Таня мела сур’ёзны намер вярнуцца. Дзяўчынка вельмі сумуе ў Амэрыцы, таму бабуля падтрымлівае ўнучку:

“Так, ухваляю яе рашэньне. Калі яна хоча дадому, як жа я магу не ўхваляць? Калі яна вырашыла застацца, я яе падтрымала. Зараз вырашыла дахаты ехаць — я таксама падтрымліваю”.

Віза ў дзяўчыны скончыцца 26 сьнежня, але яна вырашыла не чакаць гэтага дня і вярнуцца раней. У Амэрыцы Таня займалася з рэпэтытарамі. Бабуля кажа, што Таня вернецца ў школу, будзе даганяць. З ангельскай мовай праблем няма, яе дзяўчына ведае дасканала, таму ў школе вывучае нямецкую.

“Канечне, цяжка ёй там. Спачатку яна загарэлася застацца, а цяпер цяжка ёй там, яна сумуе вельмі. Хаця прыёмная сям’я яе вельмі любіць, да яе добра ставяцца, яна сумуе па ўсіх нас. Сяброў і сябровак у яе вельмі шмат. Таму засумавала і дадому хоча”.

Надзея Пятроўна вельмі просіць журналістаў пакуль не тэлефанаваць ні самой Тані, ні сям’і Запатаў. Яна паабяцала сама распавесьці пра рашэньне ўнучкі, як толькі тая вызначыцца канчаткова.