Сёньня ў Менску на паседжаньні мэмарыяльнай сэкцыі Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры зацьверджана праграма ўшанаваньня 88-й гадавіны Слуцкага збройнага чыну.
Раней Партыя БНФ абвясьціла, што яе сябры і прыхільнікі арганізуюць традыцыйны выезд па мясьцінах Слуцкага збройнага чыну ў найбліжэйшую нядзелю, 23 лістапада. А сёньня сваё рашэньне прымала мэмарыяльная сэкцыя Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. І, як заявіў “Свабодзе” яе старшыня Вячаслаў Сіўчык, выезд у Слуцак адбудзецца 30 лістапада.
“Вельмі добра, што фронтаўцы едуць. Вельмі добра, што мы едзем. Таму што розныя арганізацыі ўшаноўваюць памяць пра слуцкіх змагароў. Наведваюцца беларускія мястэчкі, якія цесна зьвязаныя з падзеямі Слуцкага збройнага чыну. Ускладаюцца кветкі, запальваюцца зьнічы ля крыжоў, што былі ўсталяваныя ў 1990-я гады. Таксама наведваецца Слуцак. Заканчэньне гэтай вандроўкі — вядомы музэй Анатоля Белага ў Старых Дарогах”.
“Акцыя адбудзецца незалежна ад настрояў слуцкіх чыноўнікаў”
У падарожжы 23 лістапада плянаваўся (як гэта заўжды адбывалася ва ўсе папярэднія гады) мітынг ля будынку Слуцкага краязнаўчага музэю. Аднак цяперашняя ўлада ў Слуцку не задаволіла просьбу арганізатараў. Ці парушае гэтая адмова намеры арганізатараў? Тлумачыць адзін зь лідэраў моладзі БНФ Франак Вячорка:
“23 лістапада, незалежна ад рашэньня Слуцкага райвыканкаму, моладзь БНФ, а таксама іншыя ахвотныя кіруецца на ўласным аўтобусе на Случчыну, дзе ўшануе памяць слуцкіх герояў. У прыватнасьці, мы зьбіраемся правесьці мітынг. Паказаць фільм пра Слуцкае паўстаньне. А таксама будзем распаўсюджваць улёткі, буклеты, каляндарыкі. Упэўнены, што акцыя адбудзецца пры любым надвор’і і незалежна ад настрояў слуцкіх чыноўнікаў”.
“Свабода” даведалася, што адмову на пісьмовую заяўку грамадзкасьці рыхтавала начальніца ідэалягічнага аддзелу Слуцкага райвыканкаму Ларыса Дабравольская. Яна напісала, што традыцыйнае месца правядзеньня мітынгу цяпер нібыта ня ўключана ў пералік афіцыйна дазволеных для вулічных акцыяў.
“Слуцак — вялікі горад, і прыхільнікаў гісторыі Бацькаўшчыны шмат”
Слуцак і сёлета застаецца бяз памятнага знаку ў гонар паўстанцаў, які прапануе гораду гісторык і ўладальнік прыватнага музэю Анатоль Белы.
“Кошт яго неверагодны. Але я яго аддаю дзеля справы бязвыплатна. Але пакуль, на вялікі жаль, пытаньне не вырашаецца. І мяне гэта зьдзіўляе, бо Слуцак — вялікі горад, і тут прыхільнікаў гісторыі Бацькаўшчыны даволі шмат”.
На музэйнай сядзібе Анатоля Белага ў Старых Дарогах яшчэ летась быў усталяваны помнік слуцкім паўстанцам. Гэта двухмэтровы стылізаваны крыж Эўфрасіньні Полацкай, на якім герб “Пагоня”. Паўстанец рукой прыкрывае гэты герб. Унізе надпіс: “Тым, хто пайшоў паміраць, каб жыла Бацькаўшчына”.
Слуцкі збройны чын — спроба збройнай абароны незалежнасьці Беларусі ў раёне Слуцку ў лістападзе і сьнежні 1920 году. Прыкладна месяц беларускія вайсковыя аддзелы, сфармаваныя пераважна зь мясцовых сялян, адбівалі наступ савецкага войска.