Сёньня брытанская газэта “Financial Times” друкуе вялікае інтэрвію з Аляксандрам Лукашэнкам.
Агулам матэрыялам пра Беларусь прысьвечана чатыры старонкі сёньняшняга нумару. Інтэрвію з Лукашэнкам мае назву “Мы ня можам быць закрытай краінай”.
Журналіст“Financial Times” запытаўся ў кіраўніка Беларусі, ці зьмяніў ён сваю думку наконт прыватызацыі, бо раней шмат гадоў быў яе праціўнікам. Аляксандар Лукашэнка адказаў:
“...Цяпер, калі наша эканоміка пераўзыходзіць валавы ўнутраны прадукт савецкіх часоў у 25 разоў і людзі год стаяць у чарзе, каб купіць наш трактар або аўтамабіль, мы можам гэта абмяркоўваць: “Калі вы хочаце купіць пакет акцыяў, вы можаце гэта зрабіць, але не за адзін даляр, а за мільярды даляраў...” Мы не патрабуем хабару для чыноўнікаў. Мы ня маем карупцыі, якая існуе ў вашай краіне і ў іншых постсавецкіх рэспубліках...”
Адказваючы на пытаньне, што зроблена ў справе расьсьледаваньня зьнікненьня крытыкаў рэжыму ў 2000 годзе, у тым ліку і журналіста Зьмітра Завадзкага, Аляксандар Лукашэнка сказаў:
Калі ж высьветліцца, што наш суд памыліўся і асудзіў не таго, я буду на каленях прасіць прабачэньня ў сваякоў, сяброў і ў самога Дзьмітрыя Завадзкага, калі ён акажацца жывы.
Журналіст “Financial Times” запытаўся ў кіраўніка Беларусі, што робіць чалавека добрым бацькам? Адказ Лукашэнкі:
“Вельмі важна для бацькі навучыць сына рэальнаму мужчынскаму жыцьцю. Калі [мой наймалодшы сын – “FT”] Коля меў адзін год, я браў яго за руку і заводзіў у парылку. Вядома, ён наракаў і плакаў. Затое цяпер, калі яму чатыры гады, ён можа вытрываць тэмпэратуру каля 100 градусаў у парылцы і 28 градусаў у басэйне. Плюс, ён вытрымлівае і ледзяную ванну. Я навучыў маіх старэйшых сыноў рабіць гэта. Мы праразаем палонку ў лёдзе на рацэ, даем туды нырца, а пасьля бяжым па сьнезе ў парылку”.