Сёньня адзначаецца міжнародны дзень студэнтаў. Як склаўся лёс студэнтаў, адлічаных зь беларускіх навучальных установаў за апазыцыйную дзейнасьць?
У лютым з трэцяга курсу факультэту журналістыкі БДУ быў адлічаны нібыта “за акадэмічную непасьпяховасьць” актывіст Партыі БНФ Франак Вячорка. Сэсія ў яго супала з адбыцьцём 15-суткавага арышту пасьля акцыі салідарнасьці. Франак лічыць сваё выключэньне палітычна матываваным.
“Я працягваю змагацца за сваё права вучыцца ў БДУ. Пару дзён таму накіраваў заяву на ўзнаўленьне на імя новага рэктара БДУ. Гэта ўжо чацьвёртая заява на ўзнаўленьне. На тры папярэднія было адмоўлена з розных прычынаў. Разам з тым кантактую са швэдзкімі партнэрамі з заклікам дапамагчы прыпыніць далейшыя рэпрэсіі альбо хаця б папярэдзіць кіраўніцтва нашага ўнівэрсытэту і факультэту. Бо пасьля майго выключэньня з журфаку БДУ была выключана таксама прэсавы сакратар Партыі БНФ Кацярына Маркоўская. А Юрась Дзяшук, актывіст Моладзі БНФ, ня быў дапушчаны да магістратуры і зараз служыць у войску”.
Франак завочна вучыцца ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце і працягвае актыўна займацца палітычнай і грамадзкай дзейнасьцю. Франка спрабавалі забраць у войска, але потым далі адтэрміноўку да 11 сакавіка 2009 году.
“Дата невыпадковая. Гэта якраз за пару тыдняў да заканчэньня “дарожнай мапы” для Лукашэнкі. І я думаю, што мая справа з войскам, як і з вучобай, ляжыць козырам у рукаве Лукашэнкі”.
Былы палітвязень Андрэй Кім пасьля свайго вызваленьня таксама паступіў вучыцца на завочнае аддзяленьне ў ЭГУ. Ён нават не спрабуе аднаўляцца ў БДУ, адкуль яго выключылі, як ён кажа, за актыўную грамадзкую дзейнасьць.
“Яны сказалі, што ў мяне будуць вялікія праблемы з вучобай, калі я не спыню сваю дзейнасьць. Бо ў мяне было шмат затрыманьняў. Быў такой палітычнай зоркай факультэту. Проста на адным з залікаў у мяне адмовіліся яго прымаць. Я нікуды зьяжджаць не зьбіраюся з гэтай краіны. Я лічу, што на сто адсоткаў я тут не змагу паступіць, калі нават вызубру ўсё. Я думаю, што ніводзін унівэрсытэт у Беларусі мяне ўжо ня прыме. Я ўжо адседзеў, засьвечаны па максымуме. Я думаю, пра мяне ў БДУ на гістфаку ведаюць усе. І калі я туды паспрабую паступаць, проста будзе загад мяне туды не пускаць. Я ўпэўнены і таму нават не раблю спробаў. Нават не марную часу на гэта”.
Актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Міхаіла Пашкевіча двойчы выключалі з БДУ і ўрэшце не далі магчымасьці абараніць дыплём. Пакуль ён не спрабаваў аднавіцца:
“Шмат хто з маіх аднакурсьнікаў скончыў унівэрсытэт. І, канечне, я сярод іх дагэтуль белая варона, дагэтуль без дыплёма”.
Міхаіл атрымаў пакараньне “па справе 14-ці” за ўдзел у дэманстрацыях прадпрымальнікаў — два гады абмежаваньня волі. У мінулым годзе ён быў паступіў у ЭГУ, але потым адклікаў сваю заяву:
“Заела, проста падумаў: зьяжджаць пасьля проста выключэньня — гэта занадта слабы досьвед. Ёсьць такая справа, як культурнае поле, соцыюм. Я не магу жыць бязь Менску, бяз гэтых людзей. І таму я дагэтуль застаюся ў палітыцы і ў Беларусі”.
Адлічаныя беларускія студэнты таксама працягваюць навучаньне ў Польшчы і іншых краінах па студэнцкай праграме імя Кастуся Каліноўскага. З Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту сярод іншых адлічылі каардынатарку аргкамітэту па стварэньні аб’яднаньня “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Тацяну Шамбалаву. Яна спрабавала зарэгістравацца кандыдатам у дэпутаты.
“Ва ўнівэрсытэце я не спрабую аднавіцца. Я зьвярнулася па дапамогу ў камітэт “Салідарнасьць”. І было прапанаванае завочнае навучаньне ва Ўкраіне. Зараз украінскі бок кажа, што вырашаюцца апошнія нюансы, каб маглі там навучацца завочна. Увосень таксама быў адлічаны з унівэрсытэту імя Куляшова Расьціслаў Панкратаў. Ён таксама будзе навучацца на Ўкраіне. Ён актывіст арганізацыі “Маладая Беларусь”.
Паводле праваабаронцы Ірыны Тоўсьцік, набярэцца каля трыццаці адлічаных з палітычных матываў беларускіх студэнтаў:
“Такая форма рэпрэсій, як выключэньне з унівэрсытэту, зьяўляецца ціскам на тых людзей, якія маюць сваю грамадзянскую пазыцыю. Я думаю, гэта робіцца дзеля таго, каб зьменшыць актыўнасьць гэтых людзей. Але гэта ніяк не ўплывае на іх дзейнасьць. Некаторыя зь іх зьяжджаюць давучвацца за мяжу, некаторыя застаюцца тут і працягваюць сваю дзейнасьць”.