"Лукашэнка занадта добра памятае, чым саступкі скончыліся для камуністаў"

Аляксандар Старыкевіч

Грамадзкі рэдактар тыдня - Аляксандар Старыкевіч.


Аляксандар Старыкевіч нарадзіўся ў 1972 годзе. У пачатку 1990-х гадоў ягоныя артыкулы пра карупцыю ў атачэньні прэм'ер-міністра Вячаслава Кебіча ў газэце “Свабода”, якую рэдагаваў Ігар Гермянчук, выклікалі дэбаты ў Вярхоўным Савеце; некаторыя публікацыі былі нагодай стварэньня адмысловых парлямэнцкіх камісіяў.

Ляўрэат шэрагу міжнародных узнагарод за журналісцкую дзейнасьць. некалькі год працаваў уласным карэспандэнтам у Беларусі расейскіх газэтаў ("Известия", "Коммерсантъ"). У 2000-2002 годзе быў галоўным рэдактарам газэты "Беларускі час", у 2003 - галоўны рэдактар газэты "Салідарнасьць", якая пасьля змушананага закрыцьця пераўтварылася ў інтэрнэт-выданьне (gazetaby.com) (прасіў даць тут гіперспасылку на яе).

У 2004 годзе А.Старыкевіч і "Салідарнасьць" сталі першымі ляўрэатамі ўзнагароды Швэдзкага ПЭН-цэнтра "за ўклад у забеспячэньне свабоды слова", а ў 2006 годзе газэта атрымала Прэмію імя Герда Буцэрыюса “Маладая прэса Ўсходняй Эўропы”.

Вовь некалькі цытатаў зь інтэрвію спадара Старыкевіча Радыё Свабода:

– …Відавочна, што прырода гэтай улады не зьмяняецца, яны не імкнуцца да кампрамісу, да дыялёгу, ня кажучы ўжо пра саступкі. Гэта ўсё гульні, разьлічаныя на Захад. Насамрэч тут не прадугледжана ніякіх перабудоваў, галоснасьці. Лукашэнка занадта добра памятае, чым гэта скончылася для камуністаў…

– …Я думаю, што ў інтэрнэце, безумоўна, павінны дзейнічаць пэўныя правілы. Іншая справа, што ў нашым выпадку гутарка ідзе не пра абарону ад дзіцячай парнаграфіі, не пра абарону ад экстрэмізму (ва ўяўленьні нармальным, цывілізаваным, бо беларускія ўлады экстрэмізмам лічаць любыя захады супраць сябе, любую апазыцыю сабе).

Сытуацыя будзе разгортвацца так, што з сусьветнага досьведу будзе запазычана ўсё самае дрэннае, адаптаванае пад нашыя рэаліі. Бо, натуральна, паўночнакарэйскі варыянт, калі там доступ да інтэрнэту мае Кім Чэн Ір і, можа, яшчэ пара асобаў, у нас ужо ня пройдзе. Але тое, што ўлада паспрабуе максымальна ўскладніць дзейнасьць менавіта грамадзка-палітычных сайтаў і тое, што ўсе сёньняшнія захады скіраваны менавіта на барацьбу зь незалежнымі крыніцамі інфармацыі, гэта факт.

– …Апазыцыя сёньня здольная ў лепшым выпадку мабілізаваць уласны актыў, але не прыцягнуць нейкіх новых людзей. Таму дасягнуць некага прынцыпова іншага выніку яна наўрад ці магла. Усё робіцца па адной схеме – “Эўрапейскі марш”, зараз будзе “Сацыяльны марш”, – і гэта будуць адны і тыя ж людзі без пэрспэктываў пашырэньня. Мяркую, што з такім становішчам лідэры апазыцыі пагадзіліся, і ім цяпер галоўнае пазьбегнуць правалаў у мабілізацыі актыву… Тое, што адбывалася за межамі акцыі – затрыманьні людзей, што распаўсюджвалі агітацыйныя матэрыялы, затрыманьні і арышты актывістаў напярэдадні акцыі, – гэтага грамадзкасьць ня бачыла.

– … Я не кажу пра трэцюю сілу. Гэта можа быць другая сіла, калі жадаеце. Бо ў нас сёньня другой сілы няма. Апазыцыя, па сутнасьці, пераўтварылася ў дысыдэнцкі рух, які ня мае ўплыву на грамадзтва. Я кажу не пра тое, што трэба ісьці нейкім новым шляхам. Калі ласка, няхай сабе і ад апазыцыі, але выходзіць за тыя межы, у якіх яна сёньня існуе. Пашыраць поле сваёй падтрымкі – у гэтым палягае галоўная задача.

– … Апошні год апазыцыйныя лідэры займаліся выключна сваркамі. Ня думаю, што з гэтага стану яны здолеюць калі-небудзь выйсьці. Таму праблема льготаў не ўваходзіць у лік прыярытэтаў апазыцыі…