Вянок памяці: Аляксандар Дракахруст

Аляксандар Дракахруст

14 лістапада ня стала Аляксандра Дракахруста. Сьмерць засьпела яго празь сем дзён пасьля таго, як паэт, перакладчык і журналіст адсьвяткаваў сваё 85-годзьдзе.


Аляксандар Дракахруст, народжаны ў Маскве ў 1923 годзе ў сям’і вайскоўца, зь Беларусьсю паяднаны літаральна крывёй. Ягонага бацьку, калі той служыў у Беларускай ваеннай акрузе, у 1937 годзе расстралялі як ворага народу. Праз чвэрць стагодзьдзя вайсковы журналіст і расейскі паэт Аляксандар Дракахруст сустрэнецца на Далёкім Усходзе з групай беларускіх літаратараў, сярод якіх быў і Валянцін Тарас. Тая сустрэча перарасьце ў сяброўства і пакліча расейскага літаратара ў Менск. Валянцін Тарас працягвае:

“Ён быў абсалютна крышталёва сумленны чалавек, чалавек зь ясна акрэсьленай пазыцыяй — грамадзянскай, чалавечай, вельмі гуманістычнай. Ён быў харошы паэт. Зусім нядаўна выйшла яго кніжка ўспамінаў, другая кніжка — “Што было, тое было“. Кніжка найцікавейшая… Вельмі прашу Радыё Свабода перадаць маё найглыбейшае спачуваньне Юрыю Дракахрусту — сыну Аляксандра Абрамавіча. Свабодаўцу, голас якога ведаюць многія ў Беларусі, голас, якім ганарыўся Юраў бацька”.

З-пад пяра Аляксандра Дракахруста выйшлі пераклады на расейскую мову вершаў Рыгора Барадуліна, Міколы Аўрамчыка, Анатоля Грачанікава, Сьцяпана Гаўрусёва і многіх іншых беларускіх паэтаў. Ён прырос да беларускай літаратуры і заўсёды быў на баку тых, хто адстойваў яе правы.

Слова разьвітаньня са спадаром Дракахрустам паэта Сяргея Законьнікава:

“Я вельмі любіў сустракацца зь ім і на знакамітай Лысай гары, і пасьля ў Менску. Ён быў сьветлым чалавекам. І нават ягонае аблічча было сьветлым і жыцьцесьцьвярджальным. Ён вельмі праўдзіва апісаў тое, што было зь ім, зь ягоным пакаленьнем. І я думаю, што ўсё добрае, што пакінуў на гэтым сьвеце гэты слаўны чалавек, яно застанецца ня толькі зь ягонымі роднымі, яно застанецца з усімі ягонымі чытачамі, людзьмі, якія яго ведалі і любілі”.

У Аляксандра Дракахруста засталіся сыны Алег і Юры, унук Кірыл і ўнучка Натальля.