У Віцебску зьявіўся Эўрапейскі клюб

Хрыстафор Жаляпаў на адкрыцьці клюбу

У Віцебску мясцовыя прыхільнікі руху “За свабоду” стварылі Эўрапейскі клюб. Шточацьвер у ім будуць ладзіць сустрэчы зь вядомымі ў Беларусі асобамі, абмяркоўваць актуальныя грамадзкія праблемы.
Выступаючы на адкрыцьці Эўрапейскага клюбу, каардынатар руху “За свабоду” па Віцебскай вобласьці Хрыстафор Жаляпаў расказаў пра найбліжэйшыя пляны мясцовых актывістаў:

“Мы будзем запрашаць на нашы паседжаньні пісьменьнікаў, палітолягаў, сацыёлягаў, палітыкаў, каб ведаць меркаваньні розных людзей, якія займаюцца палітыкай і грамадзкай дзейнасьцю, і каб прыхільнікі пераменаў, прыхільнікі інтэграцыі Беларусі ў Эўропу маглі зьбірацца разам, абмяркоўваць праблемы, якія ёсьць у грамадзтве. І мы спадзяемся, што з адкрыцьцём гэтага клюбу, з пачаткам яго рэгулярнай дзейнасьці шэрагі актыўных прыхільнікаў дэмакратычных рэформаў і эўрапейскай інтэграцыі будуць пашырацца”.

На першым паседжаньні клюбу запрошаных гасьцей яшчэ не было, але прысутнічалі каля двух дзясяткаў чалавек, якія выказвалі свае прапановы наконт тэматыкі наступных сустрэчаў. На адно з будучых паседжаньняў ужо запрасілі колішняга рэжысэра віцебскага Беларускага акадэмічнага тэатру імя Якуба Коласа Валер’я Мазынскага, які цяпер працуе ў Менску.

Самым бліжэйшым часам у Эўрапейскім клюбе будзе арганізаваны прагляд перадач “Белсату” для ўсіх ахвотных віцяблянаў. А ў далейшых плянах — арганізацыя супольна з ТБМ курсаў беларускай мовы і культуры.