На ўчорашняй нарадзе, прысьвечанай барацьбе з карупцыяй, Аляксандар Лукашэнка найбольш падрабязна распавёў пра махінацыі з жыльлём пракурора Менскай вобласьці Міхаіла Сьнегіра.
Сёньня інтэрнэт-газэта “Ежедневник” паведамляе некаторыя іншыя падрабязнасьці гэтай справы:
“Была ў Беларусі адна вельмі цікавая кампанія — АТ “Swe-Bel Partner AB”. Яна зарэгістраваная ў Швэцыі. Кампанія яшчэ ў 1999 годзе падсела на нафтавы бізнэс Беларусі і пачала рабіць мільёны. Яна адной зь першых у беларускай сталіцы яшчэ ў цяжкім 1999 годзе пабудавала для сваіх топ-мэнэджэраў шыкоўныя кватэры ў доме па вуліцы Грыбаедава, 2”.
“Аднак у 2006 годзе фартуна павярнулася да АТ “Swe-Bel Partner AB” заднім месцам. Швэдзкую кампанію адсунулі ад нафтавага бізнэсу, і яна збанкрутавала... Швэдзкі бок, як вядзецца, пачаў працэдуру банкруцтва, а вось беларускі бок пачаў падчышчаць актывы, якія засталіся ў Менску. У прыватнасьці, і элітную плошчу”.
А пра тое, як гэтая кватэра стала ўласнасьцю пракурора Сьнегіра, расказаў кіраўнік дзяржавы.
Але, як піша інтэрнэт-газэта: “Самае цікавае, што кампанія “Swe-Bel Partner AB” грошай за кватэру так і не атрымала”.