Смаргонь: "У нас заўсёды было жаночае беспрацоўе"

Паводле ўрадавага прагнозу праблемы на рынку працы ўжо ў наступным годзе чакаюць 21 малы горад краіны са 187-мі. На Гарадзеншчыне ў гэты сьпіс трапілі Смаргонь, Масты і Астравец. У зьвязку з гэтым прагнозам урад зацьвердзіў дзяржаўную праграму, каб палепшыць становішча з занятасьцю насельніцтва ў праблемных гарадах.

Смаргонь — самы вялікі з трох райцэнтраў Гарадзенскай вобласьці, якому пагражае павелічэньне беспрацоўя. У горадзе 31 тысяча жыхароў. Апошнімі гадамі смаргонцы нярэдка вымушаны шукаць заробкаў за мяжою, часьцей у Расеі. Што плянуюць мясцовыя ўлады для стварэньня новых працоўных месцаў? Я зьвярнуўся да галоўнага спэцыяліста райвыканкаму Віктара Заянчкоўскага, які добра валодае пытаньнем.

Я працую ў райвыканкаме 28 гадоў, у нас заўсёды было жаночае беспрацоўе
Заянчкоўскі:
“Я працую ў райвыканкаме 28 гадоў, у нас заўсёды было жаночае беспрацоўе. Чаму? Таму што ў нас агрэгатны завод, сілікатна-бэтонны, завод аптычнага станкабудаваньня, ліцейна-мэханічны, у асноўным зьвязаныя з мужчынскай працай. Але ў бягучым годзе дасягнута дамоўленасьць, што ў нас адкрыецца швейная вытворчасьць — “Мілавіца” і другая — літоўска-беларускае прадпрыемства па пашыву жаночага адзеньня. Я думаю, што мы ў сувязі з гэтым нашае беспрацоўе яксьці “здымем”.

А колькі працоўных месцаў мяркуецца стварыць для смаргонскіх жанчын?

Я ня думаю, што Смаргонь наша будзе беспрацоўнай
Заянчкоўскі:
“Я думаю, што чалавек трыста мы забясьпечым. Я ня думаю, што Смаргонь наша будзе беспрацоўнай. Кожны дзень нам даюць зьвесткі з цэнтру занятасьці. Сёньня патрабуюцца 268 чалавек, зь іх 232 — мужчыны. Мы дадаткова адкрылі курсы для падрыхтоўкі швачак, і гэты раз займаецца ўжо не 25 чалавек, а 60 зь лішкам”.

Улады і раней усьведамлялі, што нейк трэба вырашаць праблему жаночага беспрацоўя ў Смаргоні, але гэта не ўдавалася.

Заянчкоўскі: “
Я даўно працую, я памятаю, як пачыналася будаўніцтва агрэгатнага заводу, філіі менскага трактарнага. Калі ўзгаднялі выдзяленьне зямлі пад нейкую будоўлю, старшыня выканкаму нябожчык Юзэфовіч Аляксандар Іванавіч заўсёды гаварыў: ідзі сядай і пішы — мы хочам на тэрыторыі гораду, раёну разьмясьціць вытворчасьць, каб заняць жанчын. Але так ніхто й не адрэагаваў. Але вось цяпер ёсьць станоўчая дамоўленасьць, што два гэтыя прадпрыемствы будуць адкрыты”.