“Лукашэнка расчышчае месца маладым сілавікам”

Чаму Аляксандар Лукашэнка пайшоў па публічнае звальненьне шэрагу высокапастаўленых чыноўнікаў? Якія палітычныя мэты ставіў перад сабой прэзыдэнт Беларусі? Дзеля каго зроблена публічная порка чыноўнікаў — дзеля Захаду, намэнклятуры альбо электарату? На гэтыя пытаньні адказвае шэф-рэдактар газэты “Народная воля” Сьвятлана Калінкіна.
Цыганкоў: “Якія палітычныя дывідэнды хацеў атрымаць Аляксандар Лукашэнка, калі абрынуўся на чыноўнікаў з абвінавачаньнямі ў карупцыі?”
Калінкіна: “Я думаю, тут ёсьць два складнікі. Па-першае, гэтыя падзеі ідуць у рамках агульнай кампаніі зьмены кадраў у сілавых ведамствах і прыходу на кіроўныя пасады маладых людзей, якіх амаль ніхто ў краіне ня ведае. Гэта першае і галоўнае, на мой погляд.
Сьвятлана Калінкіна
Па-другое, гэта эканамічная сытуацыя. Не сакрэт, што ў Беларусі сёньня толькі гультай не разважае на тэму, адкуль жа ўзяўся дабрабыт у чыноўнікаў. Адкуль у іх такія дамы, машыны, кватэры і — дарэчы — такія бізнэсы.
Таму тут было супадзеньне дзьвюх мэтаў. Укінуць у грамадзтва тэзіс барацьбы з карупцыяй, што ня толькі простыя людзі падчас крызісу будуць зацягваць паясы, але прэзыдэнт яшчэ і чыноўнікаў будзе ганяць. І пад такі ўдалы тэзіс працягнуць працэс зьмены сілавых кадраў.
Для Лукашэнкі вельмі важна было даць знак намэнклятуры, каб сьцішылі свае апэтыты, знак, што прэзыдэнт ведае, як і хто жыве ў краіне.
Віталь Цыганкоў
Цыганкоў: “Некаторыя выказваюць меркаваньне, што гэтыя звальненьні можна патлумачыць курсам на збліжэньне з Захадам. Апошнія гады Беларусь вельмі моцна пагоршыла свой карупцыйны рэйтынг. І, маўляў, такімі дзеяньнямі Лукашэнка нібы кажа: мы выпраўляемся, паляпшаем нашу палітычную сыстэму”.
Калінкіна: “Сярод тых, хто сёньня сядзеў побач з Лукашэнкам, напэўна, не было ўвогуле людзей, у якіх няма дарагіх дамоў, кватэр. Хаця чыноўнікі маюць немалы заробак, але недастатковы, каб мець жытло за мільён даляраў. Публічнае пакараньне некалькіх асобаў не рашае праблему ў прынцыпе.
Я ўсё ж думаю, што гэтая акцыя была накіравана ўнутр Беларусі — як да простых людзей, гэтак і да вышэйшых эшалёнаў улады. Бо, сапраўды, толькі сьляпы ня бачыць, як раптам апошнімі гадамі пабагацелі нашы чыноўнікі”.