Як людзі рыхтуюцца да зімы? Што назапашваюць, чаго асьцерагаюцца? Адказвалі жыхары Гомеля, якія прыходзілі сёньня на Прудкоўскі рынак рабіць закупкі на зіму.
Спадар: “Усё нарыхтавалі — ад памідораў да агуркоў. І бульбу, і цукар, і муку. Усё нарыхтавалі! Лецішча кінулі, купляем на рынку”.
Спадарыня: “ Здароўя ўжо няма. Кінулі працаваць на лецішчы. Дзешавей тут купіць. Калі ўсё падрахаваць — дарогу, гной дарагі, то лепей купіць у Гомелі на рынку. Нават да кватэры прывязуць камэрсанты”.
Спадар: “Я — адзін, сталы ўжо чалавек. Купіў, паеў — як давядзецца. Вазьму сетку бульбы й качан капусты. Зьем і зноў іду. Куды мне шмат?!”
Спадарыня: “ Усё спрэс нарыхтоўваем. Бульбачку найперш. На трох — кіляграмаў трыста бярэм. І цыбульку, і часнык. Слоікаў пятнаццаць агурочкаў закруціла. Капустачку заквасіла. Ніякіх крызісаў!”
Спадар: “Апрача бульбы, практычна нічога не назапашваю. Няма дзе захоўваць. Склепу няма. Нарыхтаваную гародніну няма дзе захоўваць. На бальконе шмат не захаваеш”.
Спадарыня: “Усё нарыхтоўваем. І бульбу, і агуркі, і памідоры, і капусту. Усё на рынку з машынаў бярэм. На лецішчы няма здароўя вырошчваць. Даводзіцца ісьці й купляць. Бульбы на дваіх зь дзедам кіляграмаў 200—250 бярэм. Дзе па пяцьсот, дзе па шэсьцьсот рублёў за кіляграм. Дарагавата для нас, пэнсіянэраў. З кірмашоў, што ладзілі раней, сілы не хапае прыцягнуць. Адсюль бліжэй. Нарыхтуем усяго — дык і крызіс ня страшны. Есьці хочаш, трэба нарыхтоўваць”.
Спадарыня: “У мяне лецішча. Там я вырошчваю буракі, моркву. Яблыкі во купляю. Астатняе — усё сваё”.
Спадар: “Агуркі, памідоры — усё на зіму кансэрвуем. Яблыкаў нарасло. А бульбу лягчэй купіць тут, на рынку. Ня трэба столькі працы. Ад 400 рублёў за кіляграм да 550, я вось зараз бачу”.
Спадарыня: “ Капустку, морквачку, бульбачку — гэта такое асноўнае купляю. Яблыкі на агародзе вырасьлі. Морква сёлета ўраджаю не дала, буракі — таксама. У нас на лецішчы вады няма, а здалёк не нацягаю, каб паліць. Усё вадзіцу любіць”.