Пэрспэктывы Беларусі ў Эўропе

У Менску 13 лістапада адкрыецца канфэрэнцыя “Суседзтва і бясьпека: пэрспэктывы Беларусі ў Эўропе”. Яна арганізавана фондам “Навука і палітыка”(Бэрлін) і Нямецка-беларускім таварыствам пры падтрымцы амбасады Нямеччыны ў Беларусі.

Гэта ўжо адзінаццаты Менскі форум. Але ўпершыню, як чакаецца, у яго адкрыцьці возьме ўдзел кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Макей.

Паводле старшыні форуму Райнэра Лінднэра, “Нямеччына, як і Эўразьвяз, думае пра тое, як апэратыўна ўключыць Беларусь у эўрапейскую палітыку добрасуседзтва”. Падчас прэсавай канфэрэнцыі ён выказаў спадзяваньне, што правядзеньне форуму паспрыяе разьвіцьцю дачыненьняў паміж Беларусьсю і ЭЗ.

У працы форуму возьмуць удзел дыпляматы, палітолягі, эўрапарлямэнтары, а таксама прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай апазыцыі і афіцыйнага Менску.

Таксама чакаецца прыезд начальніка палітычнага аддзелу Генэральнага сакратарыяту рады Эўразьвязу Хельгі Шміт, якая прадстаўляе Брусэль на перамовах з афіцыйным Менскам.