Беларускі прэм’ер Сяргей Сідорскі заявіў, што сусьветны фінансавы крызіс пачынае адбівацца на працы беларускіх прадпрыемстваў.
Кіраўнік ураду таксама адзначыў, што беларускія прадпрыемствы павінны выкарыстоўваць досьвед 90-х гадоў. Чаму гэтак раптоўна зьмяніліся выказваньні беларускіх чыноўнікаў, якія раней не прызнавалі наяўнасьць крызісу ў Беларусі? Ці вернуцца ў беларускую эканоміку непляцяжы, бартэр ды іншыя рэаліі 90-х гадоў? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Міхал Залескі.
Цыганкоў: “У фінансавы крызіс паступова будуць уцягвацца суб’екты гаспадараньня, экспартна-імпартныя апэрацыі, ён можа адбіцца на таваразвароце”, — заявіў 10 лістапада Сідорскі. Чаму раптоўна зьмяніўся тон заяваў высокіх чыноўнікаў? Нагадаем, што яшчэ нядаўна кіраўніцтва на чале з Аляксандрам Лукашэнкам не прызнавала ніякага ўплыву крызісу на Беларусь”.
Залескі: “Той, хто дыхае паветрам, ня можа доўга прызнаваць яго “зьнешнім”. Хаця яно насамрэч нешта “зьнешняе”, але безь яго не абысьціся. Таксама і ў нас. Эканоміка ўлучаная ў сусьветны глябальны комплекс.
Першымі адчулі зьмены перавозчыкі, бо зьнізіўся аб’ём транспартных перавозак. Потым — тыя, хто зьвязаны з рынкам працы, бо пацягнуліся назад беларусы з Захаду і Ўсходу. Нарэшце, гэта адчулі і прадпрыемствы, бо пастаўшчыкі і спажыўцы пачалі мяняць аб’ёмы вытворчасьці і, адпаведна, закупкі і пастаўкі.
А тое, што міма Беларусі праляцеў першы ўдар гэтага крызісу — гэта таму, што ў нас няма рынку каштоўных папераў, нашы паперы нідзе ў сьвеце на каціруюцца, таму Беларусь гэта і не кранула”.
Цыганкоў: “Мне найбольш сэнсацыйным падалося выказваньне Сідорскага, што ва ўмовах крызісу прадпрыемствам варта выкарыстоўваць досьвед 90-х гадоў — напрыклад,такія захады, як пралянгацыя плацяжоў на 90—100 дзён. Няўжо да нас вернуцца некаторыя рэаліі 90-х? Бо 90-я ў сучаснай беларускай прапагандзе — гэта такія страшныя гады, дзе было толькі кепскае?”
Залескі: “Ня ўсё кепска было ў Беларусі на пачатку 90-х гадоў. Было нешта і карыснае. Дзякуючы бартэру краіна здолела захаваць тэхналягічныя сувязі ў ваенна-прамысловым комплексе, у перапрацоўцы вуглевадародаў, хіміі, захаваць свае эканамічныя адносіны з Расеяй і Захадам у пэўнай ступені. Бо дзякуючы бартэру краіна эканоміла валюту і мела магчымасьць расплачвацца па заходніх крытычных пастаўках.
Тое самае будзе вяртацца і зараз. Бо Расея распадаецца на моцна пацярпелую Маскву, якая, аднак, захавала сваю фінансавую магутнасьць, і на ўсіх астатніх, у каго неўзабаве грошай ня стане. Спатрэбіцца наш тавар, а нам іхні. Але разьлікі будуць зацягвацца альбо трэба будзе праводзіць іх “паводле Карла Маркса” — “мяняць бараноў на сякеры”.