Міжнародны валютны фонд пакуль не прыняў рашэньня адносна выдзяленьня Беларусі стабілізацыйнага крэдыту.
У сталым Прадстаўніцтве Міжнароднага валютнага фонду паведамілі, што дыскусіі адносна выдзяленьня Беларусі стабілізацыйнага крэдыту працягваюцца. Пакуль рашэньне не прынятае.
Для ўдзелу ў дыскусіі напрыканцы мінулага тыдня ў Менск прыбыў намесьнік дырэктара эўрапейскага дэпартамэнту Міжнароднага валютнага фонду Юха Кяхкёнэн. Місія МВФ, якая прыбыла ў Менск 27 кастрычніка, павінна была завершыць перамовы зь беларускім бокам ў справе крэдыту яшчэ 6 лістапада.
Паводле прадстаўніка Нацыянальнага банку, спатрэбіліся нейкія ўдакладненьні і дадатковыя ўзгадненьні, гэта нармальны рабочы працэс.
Нагадаем, афіцыйны Менск запрасіў у МВФ крэдыт у 2 мільярды даляраў, як патлумачылі ў Нацыянальным банку Беларусі, для стварэньня “падушкі бясьпекі” ва ўмовах усясьветнага фінансавага крызысу.