У судзе Ленінскага раёну Менску, які знаходзіцца ў будынку Дома правасудзьдзя, сёньня судзяць моладзевых актывістаў, затрыманых 7 лістапада. Аляксей Янушэўскі атрымаў трое сутак арышту.
Паколькі ў Аляксея паўторнае парушэньне – удзел у несанкцыянаванай акцыі – то, паводле заканадаўства яго павінны былі арыштаваць ня менш чым на 10 сутак.
Сам Аляксей зазначыў нашаму карэспандэнту, што ягоны прысуд даказвае, што загад зьверху значна важнейшы за дзеючае заканадаўства.
Каля будынку Дома правасудзьдзя моладзевыя актывісты вывесілі вялікі бел-чырвона-белы сьцяг. Міліцыянты затрымалі непаўнагадовую дзяўчыну.
Наста Палажанка, Наста Лойка і Антон Русін атрымалі трое сутак арышту. Палажанку судзіў судзьдзя Міхаіл Хома, Антона Русіна – судзьдзя Валянціна Зінкевіч.
З улікам таго, што асуджаныя ўжо правялі трое сутак за кратамі ў турме на Акрэсьціна, -- пасьля прысуду яны выйшлі на волю.
Нагадаем, у судзе Ленінскага раёну Менску сёньня судзяць моладзевых актывістаў, якіх затрымалі 7 лістапада насупраць будынку КДБ. Яны тады трымалі расьцяжку: “Камунізм пад трыбунал!”. Непаўналетніх адпусьцілі, а супраць пяці сяброў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце. Гэта Наста Палажанка, Тацяна Шапуцька, Наста Лойка, Аляксей Янушэўскі і Антон Русін.