У дзень афіцыйнага сьвята камуністы ды іхнія прыхільнікі ўскладалі кветкі да помніка Леніну. Прадстаўнікі “Эўрапейскай кааліцыі” і аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі маліліся ў царкве за ахвяраў кастрычніцкага перавароту 1917 году і грамадзянскай вайны. Тым часам спэцназаўцы затрымалі актывістаў “Маладога фронту” насупраць КДБ з расьцяжкай “Камунізм пад трыбунал”.
Затрыманыя актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Наста Палажанка, Тацяна Шапуцька, Наста Лойка, Аляксей Янушэўскі і Антон Русін знаходзяцца ў турме на вуліцы Акрэсьціна. Спэцназаўцы затрымалі іх разам зь непаўналетнімі сябрамі за пікет насупраць будынку КДБ. Актывісты разгарнулі расьцяжку “Камунізм пад трыбунал!”каля помніка Фэліксу Дзяржынскаму.
Спачатку іх трымалі ў аддзеле міліцыі на вуліцы Карла Маркса, але потым міліцыянтам прыйшоў загад адвезьці ўсіх ва ўпраўленьне ўнутраных спраў Ленінскага раёну. Там непаўналетніх адпусьцілі, а на трох дзяўчат і двух хлопцаў склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце. Трое сутак да суду яны правядуць у камэры.
Першапачаткова маладафронтаўцы хацелі правесьці пікет каля помніка Леніну, але там ад 9 раніцы было наладжанае патруляваньне.
А 10-й кветкі і вянкі да помніка Леніну ўскладалі сябры Камуністычнай партыі Беларусі. Разам зь імі былі актывісты БРСМ.
Аб 11-й кветкі ўсклалі сябры Партыі камуністаў Беларускай. Кідалася ў вочы, што сярод прысутных былі ў асноўным людзі сталага веку.
Вэтэран працы: “Ну, сапраўды, моладзі мала. Толькі старыя камуністы, а моладзь цяпер у іншых арганізацыях”.
Праз паўгадзіны ў Сьвята-Петрапаўлаўскай царкве сябры “Эўрапейскай кааліцыі” і БХД маліліся за ахвяраў кастрычніцкага перавароту.
Гаворыць Мікола Статкевіч:
“Молімся за тых, хто загінуў у братазабойчай вайне. У гэты дзень бальшавікі запалілі сусьветны пажар, у полымі якога згарэлі дзясяткі мільёнаў жыцьцяў. Дагэтуль у такіх краінах, як Паўночная Карэя, гэтыя жыцьці гараць.
Сёньняшні беларускі рэжым як нашчадак савецкага спрабуе гэтую вайну весьці супраць той часткі народу, якая хоча быць вольнай”.
Аляксандар Арэстовіч дадаў:
“Паказальна тое, што падчас набажэнства за нявінных ахвяраў камуністычных рэпрэсій моладзь сучасным беларускім рэжымам была інтэрнаваная ў пастарунак. Гэта ганьба”.
Уладзімер Мішура прыехаў зь Дзяржынску, каб памаліцца за ахвяраў кастрычніцкай катастрофы.
“Узгадваю Марыну Цьвятаеву… Хаваюць белых і чырвоных у адной магіле. “Белым быў, чырвоным стаў — кроў заліла. Чырвоным быў, белым стаў — сьмерць пабяліла”. Гэта была трагедыя для ўсяго народу. І гэтую трагедыю трэба адзначаць жалобай, а не сьвяткаваць”.
Алесь Макаеў прыйшоў у царкву з маленькім сынам.
“Думаю, што настане дзень, калі людзі будуць хадзіць у царкву і памінаць тых, хто загінуў. Гэта ня тое сьвята, каб напівацца і танчыць на костках тых, хто загінуў. Не бяспамяцтвам трэба будавацца, а менавіта памятаць пра тых ахвяраў”.
Суд над актывістамі “Маладога фронту” пачнецца 10 лістапада ў судзе Ленінскага раёну.