Місія МВФ завяршыла перамовы з афіцыйным Менскам у справе выдзяленьня стабілізацыйнага крэдыту. Місія на чале з Нэвэнам Матэсам працавала з 27 кастрычніка па 6 лістапада. Чакаецца, што найбліжэйшым часам МВФ вынесе сваё рашэньне.
Нагадаем, афіцыйны Менск запрасіў у МВФ крэдыт у 2 мільярды даляраў.
Перад пачаткам перамоваў, прадстаўнік МВФ заявіў, што ўсясьветны крызыс адмоўна паўплываў на эканоміку Беларусі, на доступ да зьнешняга фінансаваньня. У той жа час зьмена каньюнктуры ў міжнародным гандлі нэгатыўна паўплывала на плацёжны балянс краіны.
У Нацыянальным банку Беларусі патлумачылі, што крэдыт МВФ неабходны для стварэньня “падушкі бясьпекі”.
Паводле кіраўніка аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслава Раманчука, “крэдыт сёньня – гэта крэдытнае праяданьне. На падтрымку той палітыкі, якая і завяла краіну ў гэтыя цяжкія фінансавыя ўзаемаадносіны: да дэфіцыту ліквіднасьці, да праблем на валютным рынку. Таму грошы трэба даваць тады, калі ёсьць канкрэтны плян па мадэрнізацыі эканомікі. Сёньня такога пляну няма. Я думаю, тыя перамовы, якія ідуць, па сутнасьці, і тычацца гэтага пляну мадэрнізацыі, які павінен прыняць беларускі ўрад, каб атрымаць больш сталае і працяглае крэдытаваньне”.
Тым часам МВФ ужо прыняў рашэньне пра выдзяленьне Ўкраіне антыкрызыснага крэдыту ў 16,4 мільярда даляраў, каб дапамагчы “аднавіць фінансавую і эканамічную стабільнасьць і ўмацаваць давер”.
Таксама Міжнародны валютны фонд выдзеліць Вугоршчыне крэдыт у 15,7 мільярда даляраў. Ягонай мэтай зьяўляецца ”хуткае памяншэньне ціску на фінансавы рынак Вугоршчыны і падтрымка вырашэньня доўгатэрміновых эканамічных задач праз стварэньне неабходных умоваў для правядзеньня рэформаў”.