Рух “За свабоду” праводзіць у Горадні грамадзкім чынам дні гораду, патронам якога з сярэдніх вякоў зьяўляецца сьвяты Губэрт. Алень сьвятога Губэрта аздабляе гарадзкі герб.
Арганізатары заахвочваюць моладзь любіць свой горад, шанаваць яго традыцыі, а таксама не заставацца абыякавымі да рэканструкцыі гістарычнага цэнтру, якую некалькі апошніх гадоў праводзяць улады.
Карэспандэнт: “Адзін з арганізатараў Дзён сьвятога Губэрта ў Горадні Эдвард Дмухоўскі. Як узьнікла гэтая задума, і як вы здолелі яе ажыцьцявіць, што ў праграме сёньня?”
Дмухоўскі: “Задума ня новая, яна мае пэўную традыцыю. У 1990-х у горадзе быў рок-фэст “Губэрталіі”, яго ладзіла “Ратуша”, быў клюб сьвятога Губэрта. Сёньня мы прэзэнтуем чарговы — чацьверты нумар альманаха “Горад сьвятога Губэрта”, а таксама фільм, які зьняла моладзь беларуская і польская пра вельмі прыгожы раён гораду Новы Сьвет. Заўтра адбудзецца навуковая канфэрэнцыя, прысьвечаная гісторыі Горадні, яна будзе называцца “Гарадзенскі палімпсест”. А таксама адбудзецца адкрыты круглы стол “Горадня: мінулае і сучаснасьць”. Завершым гэтыя дні мы творчай сустрэчай у суботу з лідэрам гурту “Крама” Варашкевічам”.
Карэспадэнт: “Краязнаўчы альманах “Горад сьвятога Губэрта” выйшаў пад рэдакцыяй прафэсара Смаленчука і другога гарадзенскага гісторыка Андрэя Вашкевіча. Я пагартаў альманах і бачу, што вялікая частка прысьвечаная раёну Новы Сьвет. Паўгода назад білі ў званы, што ўлады хочуць аддаць яго ўраду Масквы, зруйнаваць старыя дамы, новыя будаваць. Пытаньне да Алеся Смаленчука: што там на сёньняшні час, заціхла ці не?”
Смалянчук: “Пра пляны ўладаў казаць складана, таму што інфармацыі ў нас амаль што ніякай няма. Заціхла, думаю, толькі таму, што велізарныя сродкі былі выкарыстаны на тое, каб правесьці рэканструкцыю Старога мосту цераз Нёман. Думаю, што толькі фінансавыя праблемы спынілі ўлады, але перабудова яго пачалася з флігеля канца 18 стагодзьдзя на вул.Горкага. Думаю, што нас яшчэ чакае зьнішчэньне Новага Сьвету і пабудова там сучаснага раёну”.
Карэспандэнт: “Я бачу: адзін артыкул называецца “Калі страцім Каложу?” Вы ведаеце, што ёсьць пляны рэканструкцыі з рэстаўрацыяй царквы? Якую вы бачыце небясьпеку? Яна ў такім стане з 1853 году, трэба ж яе адбудоўваць?”
Смалянчук: “Рэканструкцыю трэба праводзіць, хоць я болей прыхільнік кансэрвацыі. Але ёсьць дзьве небясьпекі: той праект, зь якім мы напалову легальна пазнаёміліся, у ім спроба рэканструяваць царкву з дапамогай сучасных матэрыялаў. Так абыходзіцца з царквой 12 стагодзьдзя нельга. А другі момант зьвязаны са станам самой гары, на якой стаіць Калоская царква. У якім стане гэтая гара, якая асядае? Ніхто ня ведае гэтага, ніхто не зьбіраецца праводзіць сур’ёзных геадэзічных, геалягічных дасьледаваньняў, каб зразумець стан гэтай гары”.