Палітоляг Ігар Лялькоў мяркуе, што абраньне Барака Абамы прэзыдэнтам Злучаных Штатаў Амэрыкі не прынясе рэзкіх зьменаў у палітыцы ЗША адносна Беларусі:
“Любы абраны прэзыдэнт ЗША, а цяпер перамог Абама, найперш будзе займацца ўнутранымі справамі ЗША. Першае заданьне — гэта зьмякчэньне ці пераадоленьне наступстваў крызісу ўнутры Штатаў.
Другое заданьне будзе — стварэньне нейкай новай эканамічнай, фінансавай сыстэмы ў сьвеце, дзе роля ЗША будзе заставацца вельмі моцнай. Таму, што тычыцца Беларусі, можна меркаваць, што Беларусь ня будзе нейкім прыярытэтным пунктам у пераліку тых задачаў, якія стаяць перад новым прэзыдэнтам ЗША.
Нейкіх рэзкіх зьменаў у палітыцы адносна Беларусі ня будзе. Будзе працягвацца тая палітыка, якая была пры папярэдняй адміністрацыі. Гэта значыцца, такія спробы паўплываць неяк на беларускі рэжым у бок дэмакратызацыі, але бязь нейкіх вельмі рэзкіх рухаў”.
А што параіў бы спадар Лялькоў новаму прэзыдэнту ЗША зрабіць у дачыненьні да Беларусі?
“Першае, што патрэбна, гэта шчыльная каардынацыя дзеяньняў ЗША і Эўразьвязу, каб гэтыя дзеяньні былі ўзгодненыя, каб гэтыя дзеяньні ішлі ў адным рэчышчы. Тады можна спадзявацца на лепшы эфэкт”.