Новы старшыня камісіі ў міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Сяргей Маскевіч сказаў сёньня “Свабодзе”, што абраньне Барака Абамы прэзыдэнтам Злучаных Штатаў Амэрыкі адпавядае новаму настрою ў сьвеце:
“Вельмі добра вядома, што ЗША заўжды былі кансэрватыўныя так бы мовіць у цэлым. Але, мне падаецца, што на гэтых выбарах абазначылася тэндэнцыя, якая характэрная для дэмакратаў Злучаных Штатаў. Гэта тое, што яны будуць аддаваць больш увагі агульнадэмакратычным пытаньням, правам чалавека і г.д.
Але самае галоўнае, як мне падаецца, што перамога Абамы ўдыхне новыя станоўчыя эмоцыі ў настрой ва ўсім сьвеце. Бо вайна ў Іраку, спробы амэрыканцаў папрэсынгавацаь на Блізкім Усходзе, ды і ў Эўропе шмат, чаго нароблена, усё гэта патрабавала нейкай аддушыны. І вось гэты агульны настрой на зьмены, на тое, каб дачыненьні ва ўсім сьвеце сталі больш гарманічнымі, як я думаю, будзе бліжэйшым часам дамініраваць. І таксама вызначаць намер Абамы, эўрапейцаў знайсьці нейкія новыя падыходы.
А што тычыцца Беларусі, то, я ня думаю, што новы прэзыдэнт ЗША вызначыць для сябе нашу краіну прыярытэтам. Да справаў Беларусі ён дойдзе ня хутка”.