Меркаваньні вядомых у Беларусі людзей адносна прэзыдэнцкіх выбараў у Злучаных Штатах.
Старшыня Цэнтарвыбаркаму
Лідзія Ярмошына лічыць, што ў амэрыканцаў, як у нацыі, ёсьць адзін істотны недахоп, які, аднак, адначасова зьяўляецца і іхнай годнасьцю:
“Гэта – комплекс вышэйшасьці. Гэта робіць нацыю вялікай, і гэта насамрэч вялікая дзяржава. Ад яе, сапраўды, вельмі многае залежыць у сьвеце. Але, зь іншага боку, гэта і недахоп, бо амэрыканцы занадта просталінейныя і дзеляць жыцьцё, сьвет, зьнешнюю палітыку на тых, хто любіць Амэрыку і на тых, хто ня любіць. І ўсё – ніякіх адценьняў для іх не існуе. А гэты вядзе да стэрэатыпаў.
І менавіта такі стэрэатып вызначыў, што Беларусь – гэта краіна, у якой пасьля 1996 году ня любяць Амэрыку, дзе кіраўніцтва не прымае амэрыканскія дэмакратычныя каштоўнасьці. І таму Амэрыка павінна альбо гэтую краіну перарабіць, альбо не заўважаць. Ну, і натуральна, не заўважаючы, прыкладаць усе намаганьні, каб яе не заўважалі і іншыя краіны-партнэры ЗША. Я думаю, што гэта тупіковая палітыка. Таму што быць на адной плянэце, як на камунальнай кухні, і не заўважаць адзін другога, гэта старамодна. Сучасны сьвет патрабуе ўжо іншых падыходаў. І таму самае галоўнае пажаданьне новаму прэзыдэнту – праводзіць больш гнуткую зьнешнюю палітыку”.