Былы кандыдат патрабуе праз суд 20 мільёнаў рублёў ад старшыні й сакратара ўчастковай камісіі.
Іван Шэга, кандыдат у дэпутаты ад БНФ па Слонімскай выбарчай акрузе № 58 пасьля агалошваньня вынікаў выбараў высьветліў, што на адным з участкаў за яго прагаласавала значна болей людзей, чым было запісана ў пратаколе. Цяпер ён зьвярнуўся ў суд, каб аднавіць справядлівасьць.
Івана Шэгу, пасьля таго як ён у акруговай камісіі азнаёміўся з вынікамі выбараў на ўчастках, зацікавіў факт, што на Чкалаўскім участку № 17 за яго прагаласаваў толькі 21 выбарнік, у той час як на большасьці астатніх набіралася 120—150 галасоў.
Шэга: “Мы з нашай ініцыятыўнай групай правялі апытаньне выбарцаў на ўчастку. Ня ўсіх, зразумела, а каго знайшлі ў хаце. Больш за тое, мы далі людзям пісьмова напісаць, за каго яны галасавалі, і падпісацца. Атрымалася, што людзей, якія галасавалі за мяне, — 67 чалавек. Зыходзячы з таго, што іх 67, а афіцыйная лічба — 21, я зрабіў вывад, што нешта ня так”.
Іван Шэга пасьля гэтага зьвярнуўся ў раённую пракуратуру, але, зь яго слоў, атрымаў адпіску, бо выбарцаў ніхто не апытваў. Пасьля гэтага ён падаў скаргу ў абласную пракуратуру й зьвярнуўся ў суд з пазовам.
Шэга: “Пазоў адносна невялікі — 20 мільёнаў да старшыні камісіі й сакратара, бо гэта яны адказваюць за афіцыйныя лічбы галасаваньня”.
Іван Шэга распавядае, што Чкалаўскі ўчастак № 17 адносна невялікі, каля 700 чалавек. Ніводнага зь ягоных назіральнікаў на ім не было, паколькі людзей не хапала.
Зараз ён кажа: самае галоўнае, каб да суду на людзей, якія паставілі свае подпісы, улады не пачалі ціснуць.
Шэга: “Я, канечне, думаю, што ціск на людзей будзе. Але я, калі пачынаў гэта, думаў пра тое, што іх болей як 60 чалавек — і пойдуць размовы, многія даведаюцца, што на людзей ціснуць”.
Нагадаю, што Іван Шэга падчас галасаваньня набраў, згодна з афіцыйнымі дадзенымі, 24% галасоў выбарцаў. Ягоны супернік, старшыня Слонімскага райвыканкаму Мечыслаў Касьцюк, які стаў дэпутатам, атрымаў звыш 60%.