У ЗША няма правіла, якое накладала б на ўдзельнікаў прэзыдэнцкай гонкі абавязак выбарчага маўчаньня цягам нейкага тэрміну перад галасаваньнем. А таму абодва галоўныя кандыдаты – дэмакрат Барак Абама і рэспубліканец Джон Маккейн – не адпачываюць нават у апошнія гадзіны перад выбарамі.
Паводле сацыялягічных апытаньняў, 14 адсоткаў амэрыканцаў усё яшчэ ня ведаюць або вагаюцца, за каторага кандыдата аддаць свой голас. Значыць, ёсьць за каго змагацца і Абаму, і Маккейну.
У нядзелю Абама быў у штаце Агаё, дзе на мітынг зь ім у найбольшым горадзе штату, Кліўлендзе, прышло 80 тысяч людзей, а ў сталіцы штату, Калюмбусе — 60 тысяч.
Абама на гэтых выбарчых мітынгах паўтарыў сваё асноўнае выбарчае крэда:
„Праз два дні вы зможаце перагарнуць старонку палітыкі, якая на першае месца ставіць сквапнасьць і безадказнасьць, а ня цяжкую працу і ахвярнасьць звычайных амэрыканцаў. Праз два дні вы зможаце выбраць палітыку, якая інвэстуе ў сярэднюю клясу, стварае новыя месцы працы і спрыяе росту эканомікі такім чынам, што кожны мае шанец на посьпех”.
А Джон Маккейн у нядзелю апоўначы правёў выбарчы мітынг у Маямі ў Флорыдзе. Маккейн быў у прыўзьнятым настроі, хоць некаторыя апытаньні паказваюць, што Абама яго апярэджвае нават на 8 адсоткаў выбарчых галасоў:
„Мы пераможам, і мы зробім сапраўдныя зьмены ў Вашынгтоне. У нас два дні. Грукайце ў дзьверы. З вашай дапамогай мы пераможам. Мы патрабуем вас як добраахвотнікаў. Мы патрабуем новага накірунку, мы мусім за яго змагацца, мы будзем змагацца за яго цягам двух дзён, і мы пераможам”.
Сёньня Маккейн наведае ажно сем штатаў, ад Флорыды да Арканзасу, а Абама пабывае ў трох — Флорыдзе, Паўночнай Караліне і Вірджыніі.