“Міжхрысьціянскія стасункі нагадваюць сытуацыю ў апазыцыі”

Наталька Васілевіч

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня — Наталька Васілевіч. Журналістам Свабоды Наталька Васілевіч замовіла падрыхтаваць перадачу на тэму: “Пэрспэктывы экумэнічных стасункаў у Беларусі”. Вось як тлумачыць грамадзкі рэдактар тыдня свой выбар:

“Слова "экумэнізм", "экумэнічны" паходзіць ад грэцкага oikoumene, якое выкарыстоўваецца ў Новым Запавеце для пазначэньня ўсяго населенага сьвету. Гэтым словам называюць сучасны хрысьціянскі рух, накіраваны на еднасьць і абнаўленьне Царквы.

Упершыню найбольш яскравы заклік да еднасьці хрысьціянскіх Цэркваў прагучаў на Сусьветнай місіянэрскай канфэрэнцыі ў Эдынбургу ў 1910 г., а ўжо ў 1920 г. выйшла энцыкліка Сусьветнага Патрыярха "Цэрквам Хрыстовым, дзе б яны ні былі", якая пачыналася цытатай з апостала Пятра: "Любіце адно другога ад чыстага сэрца" (Пятр. 1, 22), дзе адной з прапановаў прагучала — прыняць адзіны каляндар для сьвяткаваньня вялікіх хрысьціянскіх сьвятаў, а таксама ўсталяваньне кантактаў паміж усімі хрысьціянскімі Цэрквамі для вырашэньня агульных пытаньняў.

Аднак экумэнізм — гэта ня проста рэлігійная талерантнасьць, ня проста захаваньне канфэсій як гістарычнага і культурнага скарбу. Гэта адчуваньне брацтва, у якім зьяднаныя, хоць і разьдзеленыя цэрквы Хрыстовы”.


Стэрэатыпы наконт канфліктаў паміж прадстаўнікамі розных канфэсіяў — гэта папросту шыльды

Пакуль ёсьць розныя канфэсіі, паміж імі будзе і рознае, і агульнае, — у гэтым пагаджаюцца і праваслаўныя, і каталікі, і пратэстанты, і мусульмане... Пытаньне ў тым, як найбольш плённа выкарыстаць адрознае і агульнае між імі на карысьць.

Нехта ставіць перад сабой стратэгічныя і буйныя мэты. Нехта — тактычныя і блізкія. У чым розьніца?

Арганізацыі, якія ставяць на мэце міжканфэсійнае супрацоўніцтва, у Беларусі ёсьць. Розьніца ў тым, як яны разумеюць гэтае словазлучэньне. Прыкладам, мой суразмоўца, які пажадаў застацца ананімным, некалькі год таму назад стаяў ля вытокаў стварэньня “Міжканфэсійнай групы”. У арганізацыі былі вельмі канкрэтныя пляны і задачы.

“Проста для параўнаньня я вам скажу, што калі была наша праца і вынікам двух ці трох гадоў стала заява да беларускага парлямэнту ад розных канфэсіяў Беларусі — і ў гэтай заяве было ці 17, ці 20 пунктаў наконт паправак у закон аб сацыяльнай працы, акурат тады гэты закон распрацоўваўся... Нас, на жаль, не запрасілі. Мы наладзілі адмысловы сэмінар, запрасілі і прадстаўнікоў-вернікаў, і дэпутата. Калі не памыляюся, быў на тым сэмінары і Мікалай Дубовік, які вельмі зьдзіўляўся — маўляў, як гэта так здарылася, што мы вас не запрасілі...”

Сумесная дзейнасьць гэткага маштабу магла б істотна паспрыяць інтэграцыі розных канфэсіяў у грамадзтва. Бо цяжка пераацаніць дапамогу валянтэраў-вернікаў ва ўсе часы, даводзіць мой суразмоўца.

“Мы эўрапейскі, нямецкі вопыт дасьледавалі — там царква мае значна больш магчымасьцяў удзельнічаць у сацыяльнай працы, працы міласэрнасьці. І гэтаксама было да рэвалюцыі і на той тэрыторыі, дзе жывём цяпер мы. Потым, калі дзяржава ўзяла манаполію на ўсё, сьвятар мог хадзіць ад хаты да царквы і ад царквы да хаты, крок направа, крок налева не дазваляўся. Потым Царква пачала адраджацца, і да храмаў пайшлі людзі, якім патрэбная дапамога. Дык вось, калі б царкве далі больш паўнамоцтваў, вернікі і сьвятары маглі б дапамагчы значна болей...”

Але здарылася так, што міжканфэсійнае супрацоўніцтва сёньня вымушана абмяжоўвацца дапамогай менш маштабнай. Скіраванай лякальна — на дапамогу канкрэтным людзям. І гэтыя канкрэтныя справы таксама даюць плён і задавальненьне тым, хто абраў такую дзейнасьць справай жыцьця. Распавядае Анатоль Васькоўскі, сябра “Біблійнага таварыства”:

“Калі вочы старога чалавека літаральна загараюцца радасьцю, калі, прыкладам, мы прывозім кнігі... Эвангельле буйным шрыфтам, напрыклад, якога ён ніколі не чытаў дый ня мог чытаць з прычыны дрэннага зроку, калі ты прыяжджаеш наступным разам, яны распавядаюць — маўляў, мы адкрываем для сябе нешта новае, пра існаваньне якога дагэтуль і не падазравалі, — калі гэта чуеш, у сэрцы адбываюцца нейкія зьмены”...

У беларускім грамадзтве маюць месца стэрэатыпы наконт канфліктаў паміж прадстаўнікамі розных канфэсіяў. Маўляў, пяцідзясятнікі “варацца ў адным катле — толькі ў сваім”, зацятыя, катэгарычныя і гэтак далей. Але гэта — проста шыльды. На справе ж, калі людзі розных канфэсіяў занятыя справай міласэрнасьці, яны разумеюць адзін аднаго, пакідаючы спрэчкі тэолягам і багасловам, распавядае Анатоль:

“Мы імкнемся абыходзіць спрэчкі і дыскусіі, яднаючыся тымі прынцыпамі, якія аб’ядноўваюць хрысьціян усіх канфэсій...”

Камэнтуе Наталька Васілевіч:

У Беларусі існуе шэраг міжканфэсійных арганізацый, у межах якіх сёньня супрацоўнічаюць розныя хрысьціянскія цэрквы.

Па-першае, гэта Біблійнае таварыства. У выніку — дагэтуль няма адзінага задавальняючага перакладу Бібліі на беларускую мову. Дваццаць першае стагодзьдзе на двары!

Па-другое, гэта міжканфэсійная місія “Хрысьціянскае сацыяльнае служэньне” — арганізацыя, якая займаецца міласэрнасьцю. Якая самая галоўная сацыяльная праблема, што аб'яднала міласэрных хрысьціян? Аказваецца, СНІД.

Па-трэцяе, гэта міжканфэсійная група пры Менскім адукацыйным цэнтры, на пасяджэньнях якой мне давялося некалькі разоў пабыць і дзе мы размаўлялі пра талерантнасьць, дзіўным чынам замоўчваючы тое, што адны хрысьціяне абзываюць другіх сэктамі, а другія трэціх — мёртвымі цэрквамі, дзе няма Духу Сьвятога.

І калі разабрацца, то ўсе тры арганізацыі — гэта міжхрысьціянскія стасункі, якіх мы самі не шукаем, а да якіх нас заахвочваюць замежнікі ці міжнародныя арганізацыі. Нечым гэта нагадвае сытуацыю ў шэрагах беларускай апазыцыі.

Дэ-юрэ ў нас ёсьць падставы для стварэньня экумэнічных арганізацый, дэ-факта гэта малаверагодна

Што да юрыдычных аспэктаў праблемы, дык у розных заканадаўчых актах ёсьць супярэчнасьці — да прыкладу, у Грамадзянскім кодэксе і Законе аб свабодзе сумленьня. Паводле Грамадзянскага кодэксу, людзі могуць аб’ядноўвацца ў саюзы, асацыяцыі незалежна ад поглядаў, веравызнаньня, адукацыі і гэтак далей. Згодна ж з Законам аб свабодзе сумленьня, у рэлігійныя аб’яднаньні могуць злучацца рэлігійныя арганізацыі, напрыклад, абшчыны, цэрквы толькі адной канфэсійнай прыналежнасьці.

Юрыстка Дзіна Шаўцова тлумачыць, што ёсьць нарматыўныя акты меншай і большай юрыдычнай сілы, да прыкладу — законы і кодэкс:

“Па ідэі, павінен прымяняцца Грамадзянскі кодэкс, і ўсе нормы, якія супярэчаць Грамадзянскаму кодэксу, павінны, так бы мовіць, памерці. З пункту гледжаньня грамадзянскага заканадаўства, рэлігійныя арганізацыі розных канфэсіяў могуць аб’яднацца ў нейкі Саюз дзеля дасягненьня сваіх агульных мэтаў. Такім чынам, “дэ-юрэ” ў нас ёсьць падставы для стварэньня экумэнічных арганізацый. Дэ-факта гэта малаверагодна на сёньняшні дзень”.

Старшыня Беларускага Біблійнага таварыства Герман Родаў кажа: у ім няма праблем паміж прадстаўнікамі розных канфэсіяў. Што ж тычыцца міжканфэсійнага супрацоўніцтва, тут ёсьць пэўныя пытаньні, і даволі сур’ёзныя.

“Хтосьці, як кажуць, роўны сярод роўных, а хтосьці не такі ўжо і роўны, тут гэта, канечне, мае месца. Прычым, пры маёй глыбокай павазе да мітрапаліта, шмат што залежыць ня столькі ад яго, колькі ад шараговых сьвятароў, якія не заўсёды глыбока і далёка глядзяць наперад. Гэта ў такой жа ступені адносіцца да рыма-каталікоў, дый да пратэстантаў таксама”.

Што тычыцца заканадаўчых актаў, існуюць некаторыя пагадненьні паміж дзяржавай і шэрагам рэлігійных канфэсіяў, і гэтыя пагадненьні даюць некаторыя перавагі таму ці іншаму кірунку. Ёсьць нейкія пагадненьні, да прыкладу, зь Міністэрствам адукацыі, зь Міністэрствам абароны, кажа старшыня Беларускага Біблійнага таварыства Герман Родаў:

“Руская праваслаўная царква ў асобе Беларускага экзархату мае такія пагадненьні. Што тычыцца рыма-каталікоў, пакуль такіх пагадненьняў няма, і ў пратэстантаў таксама няма. Іншым, мне падаецца, ня вельмі і прапануюць... Але калі б дзяржава пайшла насустрач, тады б такія пагадненьні былі б падпісаныя. І не ўзьнікалі б тады праблемы з выкладаньнем якіх-небудзь факультатыўных дысцыплінаў тых ці іншых рэлігійных аб’яднаньняў”.

Сёлета ў чэрвені ў Беларусь прыяжджаў Дзяржаўны сакратар Ватыкану Тарчызіё Бэртонэ. Чакаецца падпісаньне канкардату паміж Беларусьсю і Рыма-каталіцкай царквой. Але калі гэта адбудзецца, пакуль невядома.

Што тычыцца грамадзкага аспэкту, беларускім хрысьціянам неабходна жыць і працаваць разам, кажа Аляксей Шэін, старшыня аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”:

“Мы сутыкаемся з выклікамі сучаснага сьвету. Гэта, з аднаго боку, імпэрскасьць і алігархічны капіталізм, які цісьне на Беларусь з Усходу. З другога боку, гэта такі скрайні фундамэнталісцкі гуманізм, які цісьне на Беларусь з Захаду, і, канечне ж, у гэтай сытуацыі, у гэтых варунках хрысьціянскія цэрквы павінны працаваць разам, супрацьстаяць гэтым выклікам разам і праводзіць сумесныя і эвангелізацыйныя, і сьветапоглядныя праекты. Ня час зараз дзяліцца, а час якраз знайсьці агульную плятформу, адкінуць тое, што разьядноўвае, і працаваць на хрысьціянскае адраджэньне Беларусі”.

Камэнтуе Наталька Васілевіч:

Вельмі часта хрысьціянскія Цэрквы паводзяць сябе, як на рынку, спрабуючы ўхапіць сабе найбольшы сэгмент гэтага “рынку рэлігійных паслугаў” і ўсталяваць манаполію.

Часам у гэты працэс умешваецца дзяржава, стрымліваючы адных і даючы прэфэрэнцыі іншым. Часам дзяржава праяўляе лібэралізм, даючы рынку свабоду, якая рэгулюецца адно паняцьцем попыту-прапановы. І кожная іншая царква ў такім выпадку выяўляецца канкурэнтнай фірмай.

Так, на мой погляд, адбываецца і цяпер у Беларусі. І гэта тое, што замінае хрысьціянскай салідарнасьці. Паглядзім хаця б на рух “За свабоду веравызнаньня”. У значнай большасьці туды ўваходзяць тыя, хто сам пацярпеў ад новага закону “Аб свабодзе сумленьня” ці ад дзеяньняў мясцовых уладаў. І атрымліваецца — кожны змагаецца за свае правы. Ды ня так павінна быць у братоў, якія “любяць адно аднога ад чыстага сэрца”.

Беларусь можа стаць адной з сусьветных пляцовак для экумэнічнага паразуменьня

Паводле грамадзкага рэдактара тыдня Наталькі Васілевіч, новыя крокі ў экумэнічным паразуменьні могуць і павінны зрабіць маладыя вернікі. Больш за тое, моладзевыя грамадзка-палітычныя актывісты, якія вызнаюць ідэі хрысьціянства, дэманструюць праявы экумэнізму на практыцы, кажа намесьніца кіраўніка “Маладога фронту” Наста Палажанка:

“Калі актывісты Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі распачалі збор подпісаў за зьмены ў закон аб свабодзе веравызнаньня, то падпісваліся, зьбіралі подпісы і актыўна ўдзельнічалі ў гэтай кампаніі і праваслаўныя, і каталікі, і пратэстанты. Гэта значыць, што людзі, якія маюць адзіныя духоўныя каштоўнасьці, адзіную веру і сэнс жыцьця, яны здольныя працаваць дзеля агульнай карысьці”.

Беларусь — адна з краінаў, дзе ідэі экумэнізму маюць даўнюю гістарычную традыцыю. Аднак гэтая традыцыя пакуль ня мае сталага працягу ў сучаснай гісторыі, заявіў у інтэрвію “Свабодзе” моладзевы грамадзкі актывіст і журналіст, пратэстант паводле веравызнаньня Барыс Гарэцкі:

“Найбольшы росквіт гэтая зьява ў Беларусі атрымала ў ХVІ стагодзьдзі, падчас рэфармацыі. Гэта быў залаты век Беларусі, бо цэрквы бачылі, што, прапаведуючы Эвангельле, прапаведуючы Божае слова, яны робяць адно і тое ж: і пратэстанты, і праваслаўныя, і каталікі. Менавіта гэта іх прыводзіла да паразуменьня. Што тычыцца сёньняшняй сытуацыі, то хрысьціянская царква не павінна быць падзеленай — гэта цела Хрыстова. І паразуменьне канфэсіяў неабходна для Беларусі. На жаль, зараз ёсьць такая сытуацыя, што ёсьць праваслаўная царква, якая падпарадкоўваецца расейскаму кіраўніцтву і ня вельмі ахвотна ідзе на стасункі зь іншымі канфэсіямі. І я лічу гэта ненармальным у хрысьціянскай краіне”.

Ініцыятар стварэньня партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”, праваслаўны вернік Павал Севярынец мяркуе: менавіта гістарычныя традыцыі могуць стаць падмуркам для рэалізацыі ідэяў экумэнізму ў сучаснай Беларусі:

“Якраз у Беларусі, як нідзе ў Эўропе, гэта магчыма. Толькі ў нас было магчыма, у часы рэфармацыі, каб каталікі і пратэстанты мелі сяброўства ў адных і тых жа дзяржаўных установах, год ад году мірна мянялі гэтае сяброўства паводле ратацыі, разам пілі гарбату і сябравалі. Да прыкладу, італьянскія каталікі альбо галяндзкія пратэстанты, якія тады прыяжджалі, яны вырачалі вочы, дзівуючыся на такое неверагоднае паразуменьне. Беларусь — гэта сапраўды сэрца Эўропы і ў хрысьціянскім разуменьні. Гэта ўнікальная краіна і ўнікальная зямля, дзе канфэсіі сыходзяцца дзеля таго, каб працаваць разам. Таму я лічу, што ў гэтым і пэўны посьпех Берасьцейскай уніі, як самай пасьпяховай за ўсю тысячагадовую гісторыю расколу паміж праваслаўем і каталіцтвам. Таму мір і талеранцыя, якія панавалі ў ВКЛ, як традыцыя захоўваюцца і дагэтуль. Усё гэта сьведчыць, што Беларусь можа стаць адной з сусьветных пляцовак для экумэнічнага паразуменьня”.

Камэнтуе Наталька Васілевіч:

Я маю надзею на беларускую хрысьціянскую моладзь у тым, што экумэнічны рух у нашай краіне нарэшце пачнецца.

І гэты рух можа пачацца толькі тады, калі мы пакінем абвінавачваць іншыя цэрквы і іншых хрысьціян, што яны замінаюць хрысьціянскай еднасьці. Ці то на папу наракаем, ці то на расейскае кіраўніцтва Праваслаўнай Царквы, ці то на пратэстантаў, якія паміж сабой памірыцца ня могуць...

Гэта першы важны прынцып.

Другі — ня быць рамантыкамі. Вельмі часта моладзь кажа: “Ай, адрозьненьні ўсё роўна такія малыя” або “ў нас вялікія традыцыі талерантнасьці”. Ні ў якім разе нельга заплюшчваць вочы на рэчаіснасьць, у тым ліку і на гістарычную.

Можна ствараць міты пра залаты век Беларусі, пра хрышчэньне Русі, пра “беларускі экумэнічны праект” — Унію. Здавалася б, гэтыя два прынцыпы супярэчлівыя, але на самой справе яны ўзаемадапаўняльныя.

Дыялёг — гэта заўжды цяжка. Але ён неабходны.

“Любіце адно аднога ад чыстага сэрца”, — хочацца мне зноў успомніць словы ап. Пятра. Не да сьляпой любові заклікае апостал Пётра. Але да таго, каб гэтая любоў нараджалася ў чыстым сэрцы.

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня Наталька Васілевіч — рэдактар беларускага хрысьціянскага парталу “Царква”, рэгіянальны прадстаўнік Сусьветнага брацтва праваслаўнай моладзі “Сындэсмас”. Цікавіцца пытаньнямі рэлігійнай свабоды, свабоды сумленьня, міжхрысьціянскага дыялёгу. Верніца Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату, яна мае свой погляд на сьвет, гісторыю, палітыку.

Скончыла Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа. Пасьля паступіла на аддзяленьне паліталёгіі юрфаку Белдзяржунівэрсытэту. Зараз завяршае вучобу ў асьпірантуры, піша кандыдацкую дысэртацыю на тэму рэлігійнай ідэнтычнасьці ў краіне.