Два непаўнагадовыя хуліганы, якія ўвечары 1-га лістапада павалілі і зламалі пяць крыжоў у Курапатах, вызваленыя.
Пра гэта “Свабодзе” сёньня паведамілі ў аддзеле міліцыі пасёлка Бараўляны.
Курапацкіх вандалаў затрымалі грамадзянскія актывісты з КХП-БНФ. Яны і перадалі іх у аддзел міліцыі Бараўлянаў. Супрацоўнік аддзелу сёньня паведаміў “Свабодзе”:
“Цяпер матэрыялы знаходзяцца на дадатковай праверцы. Гэтай справай займаецца супрацоўнік крымінальнага вышуку Бараўлянскага аддзелу міліцыі. Матэрыял ужо адпісаны і супрацоўнік яго ўжо атрымаў”.
Наколькі дзён можа зацягнуцца такая праверка, пытаюся ў суразмоўцы:
"На 10 дзён. А ў выпадку неабходнасьці, пракурор Менскага раёну можа працягнуць яе і да аднаго месяцу. І праз 10 дзён мы даем пісьмовы адказ тым, хто паведаміў пра гэта, праз канцылярыю".
Што тычыцца прозьвішчаў затрыманых, то супрацоўнік міліцыі сказаў “Свабодзе”, што такімі дадзенымі ён не валодае. А спадар Алег, які затрымліваў маладзёнаў, а пасьля паехаў у міліцыю, як сьведка, сказаў, што нібыта аднаго з вандалаў завуць Уладзімер Шышла. Але ў дакладнасьці прозьвішча ён не ўпэўнены.
Спадар Алег учорашнім вечарам патруляваў Курапаты. Ён кажа, што сакратар управы КХП-БНФ Алесь Чахольскі папрасіў актывістаў перад Дзядамі прыгледзець за ўрочышчам. І вось як спадар Алег распавядае пра тое, што адбылося:
"Мы на іх зьвярнулі ўвагу таму, што заўважна было, што яны трохі п'яныя. Ішлі яны неяк ненатуральна, крыху хістаючыся. І гэтым нас зацікавілі. І мы пачалі паціху спускацца з узгорку. А яны нас не бачылі, таму што мы спэцыяльна стаялі ў цёмным месцы. І мы глядзім – а што яны робяць? Бо мы ж не маглі выскачыць і пачаць круціць іх: хто ведае, чаго яны зайшлі ў лес? Таму мы працягвалі назіраць".
Спадар Алег працягвае:
"Яны падыйшлі да лініі крыжоў. Спачатку зьлілся зь ёй. А потым мы ўбачылі, як чалавек бярэцца за крыж і пачынае ўсёй масай свайго цела калыхаць яго. У сьвеце ліхтароў гэта было добра бачна. Да таго ж у лесе было даволі ціха. І мы пачулі трэск дрэва. А калі мы з крыкамі выскачылі, дык яны апынуліся ў шоку – стаялі і ня ведалі, што рабіць".
Спадар Алег кажа, што ў Курапатах крыжы ламалі і летась. І выказвае сваё меркаваньне:
"Я так разумею, што гэта яны зноў прыйшлі. Больш падобна на тое, што яны тут ужо не ўпершыню. Бо яны ведалі, зь якой лёгкасьцю стары крыж можна паваліць. Каб крыж быў новы, дык такіх маладзёнаў чалавек 10 спатрэбілася б, каб яго нахіліць, а не тое, што паваліць".
Гэта ня першыя выпадкі вандалізму ва ўрочышчы Курапаты, дзе ў 1937—1941 гадах карнікі НКВД расстралялі паводле розных падлікаў ад 40 да 200 тысяч чалавек. Пры канцы 1990-х гадоў паламалі таблічку на Крыжы Пакуты. Што да мэмарыяльнага знаку “Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці”, то было дванаццаць выпадкаў вандалізму. У 2002 годзе адрамантаваную каторы ўжо раз лаву Клінтана ўсталёўваў у Курапатах амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак.
У сьнежні 2005 году невядомыя вандалы двойчы апаганілі свастыкай і сатанінскімі надпісамі курапацкія крыжы, помнік загінулым ва ўрочышчы габрэям і выяву Маці божай Курапацкай мастака Аляксея Марачкіна. Ня раз ламалі і крыжы. Паводле фактаў вандалізму ў Курапатах заводзілі крымінальныя справы, аднак злачынцаў ніколі не знаходзілі. Летась напярэдадні Дзядоў быў паламаны Крыж Пакуты, актывісты КХП БНФ аднавілі яго.
Грамадзкасьць зьвярнулася да ўладаў з заклікам забясьпечыць ахову ўрочышча Курапаты, якое зьяўляецца гістарычна-культурнай каштоўнасьцю першай катэгорыі. Аднак у адказ упраўленьне ўнутраных справаў Менскай вобласьці прапанавала аргкамітэту дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў плаціць за ахову ўрочышча Курапаты.