Аўсяньнікаў: “Каб вярнулі ранейшыя цэны, я б жыў, як кароль…”

Belarus -- Belarusian money in hands, 28Feb2008


Днямі мы расказвалі пра акцыю прыватных асобаў і грамадзкіх арганізацыяў, мэта якой — падтрымаць матэрыяльна народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Паэтавай пэнсіі не стае на куплю ўсіх неабходных лекаў… Што насамрэч даюць ганаровыя званьні, прысуджаныя дзяржавай самым выдатным дзеячам культуры? Ці азначаюць яны фінансавы дабрабыт?

Вядомы публіцыст, паэт Сяргей Законьнікаў лічыць, што стаўленьне дзяржавы да прадстаўнікоў творчай эліты цяжка назваць паважлівым і нават проста адэкватным:

“Заўсёды вельмі крыўдна, што дзяржава ня можа стварыць належных умоваў для лекаваньня, для таго, каб у такіх асобаў, як Рыгор Барадулін, маглі быць нармальныя лекі, каб яны мелі магчымасьць добра харчавацца. А гэта ж чалавек, гэта геніяльны паэт, якім можа ганарыцца любая краіна сьвету! На сёньняшні дзень, у параўнаньні зь іншымі дзяржавамі, нашыя заслужаныя людзі — культуры, літаратуры — знаходзяцца ў вельмі бядотным становішчы”.

Раней Беларускі літаратурны фонд меў санаторна-прафіляктычны комплекс “Іслач”, дзе сябры Беларускага саюзу пісьменьнікаў маглі адпачыць і аднавіць здароўе. Але сёлета ў чэрвені “Іслач” прадалі на аўкцыёне.

Паводле сумных назіраньняў Генадзя Бураўкіна, паэта і грамадзкага дзеяча, дзяржаўныя ўзнагароды і званьні не зьяўляюцца гарантыяй забясьпечанай старасьці і ўпэўненасьці ў заўтрашнім дні:

“Я ведаю, як цяжка, нават бедна жыў Пімен Емяльянавіч Панчанка. Нягледзячы на тое, што ён і народны, і ляўрэатны, і іншае… Ён жыў больш чым сьціпла, проста бедна. Я ведаю, як жыў Іван Антонавіч Брыль. Таксама і народны, і заслужаны, і выдатны, і партызан, і вэтэран… Настолькі сьціпла, што ня мог дазволіць сабе мабільнага тэлефона, які на той момант меў ледзь ня кожны школьнік. Вельмі і вельмі сьціпла жыў Васіль Быкаў, нягледзячы на сусьветную славу, залатую зорку Героя сацыялістычнай працы, ляўрэацкі знак Ленінскай прэміі, статус народнага пісьменьніка Беларусі”.

Лічбы сярэдніх памераў пэнсіяў дзеячоў творчай сфэры выглядаюць надзвычай красамоўна, — працягвае Сяргей Законьнікаў:

“Я на сёньняшні дзень атрымліваю пэнсію 547 тысяч рублёў. У мяне працоўны стаж вялікі, за гэта ёсьць нейкія надбаўкі. А так… Сярэдні памер пэнсіяў нашых пісьменьнікаў — на ўзроўні ад 400 да 450 тысяч беларускіх рублёў”.

Генадзь Бураўкін, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі, атрымлівае пэнсію “за асаблівыя заслугі”.
Брыль жыў настолькі сьціпла, што ня мог дазволіць сабе мабільнага тэлефона, які меў ледзь ня кожны школьнік.
Раней гэткая ганаровая пэнсія адчувальна палягчала жыцьцё ў матэрыяльным сэнсе:

“Некалі яна давала скідку ў аплаце камунальных паслуг, на праезд у мэтро і прыгарадным транспарце. Ну а пасьля наш мудры і любімы народам чалавек вырашыў, што гэта залішняе, і ўсё забраў. Я маю інваліднасьць пасьля перанесенага інфаркту, таму нейкая палёгка ёсьць. Але ўва ўсіх падобных да мяне пэнсіянэраў усё гэта забралі. Пэнсія за асаблівыя заслугі — большая за звычайную. Прыкладам, я маю каля 700 тысяч беларускіх рублёў…”

Народны артыст Беларусі, артыст Купалаўскага тэатру, пэнсіянэр Генадзь Аўсяньнікаў таксама параўноўвае сёньня і ўчора не на карысьць сучаснасьці:

“Справа ў тым, што каб вярнуліся цэны тыя, як калісьці, то я б жыў, як кароль… Хоць я й ня ведаю, як жывуць каралі… Гэта пытаньне датычыць кожнага асабіста. Да кожнага трэба зьвяртацца асабіста і высьвятляць — тут нельга пад адны бёрды ўсё палатно ткаць… Вось ільготы — так… Я наконт ільготаў зьвярнуўся б да аднаго дэпутата, я б яму сказаў… Але ня буду казаць, як завуць яго… Гэта дрэнна, дрэнна, безумоўна…”

Карэспандэнтка: “Але льготы па ўсіх ударылі?”

“Так, па ўсіх, па ўсіх…”

А вось мастак Віктар Грамыка, які сёлета адзначыў 85-годзьдзе, лічыць, што ягоныя заслугі перад радзімай ацэненыя дастаткова, каб ён мог пачуваць сябе нармальна. Наступстваў скасаваных ільготаў ён не адчуў, бо ганаровы сябра Нацыянальнай акадэміі навук, прафэсар, заслужаны дзяяч мастацтваў і народны мастак яшчэ і ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны:

“Наўрад ці я ўяўляю ў пэўным сэнсе ўзор сярэднестатыстычнага пэнсіянэра, пэнсія ў мяне параўнальна высокая,
Цяпер на зямлі ёсьць усяго два народныя паэты Беларусі — Рыгор Барадулін і Ніл Гілевіч. Абодва яны больш чым сьціпла жывуць.
запатрабаваньні даволі сярэднія, таму наўрад я сярэднестатыстычная асоба…”

Нягледзячы на сур’ёзныя праблемы са здароўем, Віктар Грамыка да сёньня актыўна працуе:

“Засяроджанасьць на тым, каб пасьпець зрабіць тую працу, якую заплянаваў… Працую і ў майстэрні, і за пісьмовым сталом…”

Генадзь Бураўкін лічыць, што стаўленьне дзяржавы да выдатных дзеячоў культуры яскрава сьведчыць, што ў сучаснай Беларусі цэніцца, а што абясцэньваецца:

“Цяпер на зямлі ёсьць усяго два народныя паэты Беларусі — Рыгор Барадулін і Ніл Гілевіч. Абодва яны больш чым сьціпла жывуць. Пэнсіі іх ня могуць параўнацца ня толькі з дэпутацкімі, міністэрскімі, але й нават з пэнсіяй палкоўнікаў ня могуць параўнацца. Вось так наша дзяржава цэніць выдатных дзеячоў літаратуры, дзеячоў нацыянальнай культуры…”