Салігорскі суд сёньня разглядаў заяву Ўладзімера Шылы з патрабаваньнем да гарадзкога аддзелу адукацыі прызнаць незаконным выключэньне з салігорскай СШ № 4 яго сына Івана.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч, які прысутнічаў на судзе, паведаміў “Свабодзе”, што было заслухана патрабаваньне заяўніка, а пасьля суд апытаў некаторых сьведак:
“Прадстаўнікі афіцыйнага боку нязгодныя з патрабаваньнямі скаргі. Адпаведна яны лічаць, што дзейнічалі правільна, калі адлічылі Івана Шылу са школы. Пры гэтым спасылаюцца на статут школы і на пункты правілаў распарадку ў школе, а таксама палажэньня аб агульнаадукацыйных і сярэдніх школах. Прадстаўнікі аддзелу адукацыі даводзяць, што ў асобных выпадках вучань, які дасягнуў 15-гадовага ўзросту, можа быць адлічаны са школы за грубае парушэньне ім дысцыпліны і распарадку”.
Намесьнік старшыні “Маладога Фронту” Іван Шыла быў выключаны са школы ў красавіку, за дзень да апошняга іспыту — па ангельскай мове.
Валянцін Стэфановіч лічыць, што менавіта палітычная прыхільнасьць Івана Шылы да апазыцыі — галоўная прычына ягонага перасьледу:
“Як праваабаронцы мы лічым, што ўсё-ткі тут назіраюцца прыкметы дыскрымінацыйнага падыходу. Я, да прыкладу, гутарыў са шмат кім з дырэктараў школаў. Ніхто зь іх не заявіў пра адлічэньні. Наадварот, нават самых горшых вучняў даводзяць да заканчэньня вучобы. А калі слухаю гэты працэс, у мяне складаецца ўражаньне, што ня ўсё тут зьвязана менавіта з пропускамі заняткаў. Іван Шыла ня быў выдатнікам, але ж звычайным сярэднім вучнем. І ня горшым зь іх, а нават лепшым”.
У чэрвені пэдагагічная рада СШ № 4 дапусьціла моладзевага актывіста да іспытаў, але на патрабаваньне зь Менску пры паўторным галасаваньні рада прыняла рашэньне аб выключэньні. Дырэктарка школы Вольга Сянькова напісала на знак пратэсту заяву аб звальненьні па ўласным жаданьні, а яе намесьніца па выхаваўчай працы Алена Семчанкова была звольненая за “дрэнную працу”.
Івану Шылу патлумачылі, што ён можа зьвярнуцца з заявай на здачу іспытаў экстэрнам у чэрвені.