Вандроўныя плякаты <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />

  • Аляксандар Лукашук
У Эўропе постсавецкае мастацтва зь Беларусі лепш за ўсё ідзе ў добрай кампаніі з правільнай гарэлкай пад клясычную закуску.
Прыватная галерэя Андрэя Логінава ў Бэрліне ня мае афішы ці шыльды, але цёмным кастрычніцкім вечарам яе знайшлі дзясяткі журналістаў і студэнтаў, пэнсіянэраў, мастакоў ды іншых экзатычных асобаў, якіх узбуджае слова “Беларусь”.


Выстава называлася сур’ёзна – “Візуальны код часу: постсавецкае мастацтва плякату Беларусі”, але была вельмі прыгожая. Дзіва што – як патлумачыў старшыня Саюзу дызайнэраў Дзьмітры Сурскі, беларускія дызайнэры ў 1980-я гады дый пазьней былі найлепшымі.


Верагодна, зь ім пагадзіліся Нямецкі фонд Маршала ЗША і фундацыя Робэрта Боша, якія падтрымалі праект грашыма. А брусэльскі “Офіс за дэмакратычную Беларусь” арганізаваў усё астатняе – ад адбору да дастаўкі і разьвешваньня плякатаў у галерэях, ад Варшавы і Бэрліну да Дрэздэну і Трыесту. У плянах таксама й Амэрыка (пакуль што Паўночная, хаця найбольшыя сябры Беларусі цяпер, як вядома, у Вэнэсуэле).


А зараз пра шурпатасьць, якая поўным правам лічыцца мовай гэтага жанру выяўленчага мастацтва. Старшыня Сурскі таямніча заявіў, што паколькі беларуская мова ў цяжкім стане, а плякат не патрабуе перакладу, дык заменіць мову. Тым ня менш надпісы пад плякатамі пакінулі – уся выстава з густам аформленая па-беларуску і па-ангельску.


Працы клясыкаў Уладзімера Цэсьлера і Сяргея Войчанкі ахопліваюць увесь савецка-антысавецкі дыяпазон, ад іроніі кічу да жорсткага трагізму сталінскай нержавейкі, ад рэклямнага жарту на тэму улюбёнага дызайнэрамі кампутара “Apple” да ня менш улюбёнага імі атрыбуту ўсёй савецкай гісторыі – ардэнаноснай гарэлкі.





Адзін з подпісаў выклікаў дыскусію: шрубок зь сярпом-молатам самога Дзьмітрыя Сурскага і Тацьцяны Гардашнікавай некалі быў надрукаваны на вокладцы часопісу “Огонек” накладам пад 5 мільёнаў. Там яго назвалі “Ад вінта!”. У Фінляндыі ён выстаўляўся пад назовам “Homo Soveticus”. Бліскучая аўтарская (ці сталінская) назва – “Кадры решают всё” – чамусьці перакладзена на ангельскую як “The cadre makes all the decisions”, што ў зваротным перакладзе значыць “Усе рашэньні прымаюць кадры”. Манная каша замест крывавага біфштэксу.



Вітаў паўсотні гасьцей, а потым прыпячатаў беларускіх плякатыстаў часу перабудовы аўтар праекту, малады і інтэлігентны Ягор Сурскі: “Характэрную плякатнай літаратуры публіцыстычнасьць атрымалася вывесьці ў шырокі публічны кантэкст, надаючы ёй якасна новы мастацкі і зьмястоўны воблік”.

Так справядліва напісана ў шыкоўным каталёгу, які рабілі Тацьцяна Гардашнікава і Алена Шохан і рэдагавала Алёна Ліс. Зноў-такі варта адзначыць – каталёг на дзьвюх мовах, па-беларуску і па-ангельску, і вельмі прыгожы, расхапалі ўмомант.


Таксама расхапалі салёныя гуркі і гарэлку, якая, несумненна, спрыяла мэце выставы, акрэсьленай дырэктаркай “Офісу за дэмакратычную Беларусь” Вольгай Стужынскай такім вось чынам: “Заахвоціць спажыўцоў прапаганды пашырыць гарызонт сваёй думкі”.

Наступнае пашырэньне адбудзецца 5 лістапада ў Дрэздэне, у клюбе “Акварыюм”(St. Petersburger str. 21).