Як сусьветны фінансавы крызіс можа адбіцца на працы буйных беларускіх прадпрыемстваў, а таксама дробных прадпрымальнікаў? Ці не павінна дзяржава ва ўмовах крызісу даць больш свабоды малому бізнэсу?
На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” адказваюць эканаміст Барыс Жаліба і актывіст прадпрымальніцкага руху Сяргей Балыкін.
Цыганкоў: “Буйныя беларускія прадпрыемствы-экспартэры пачынаюць зазнаваць цяжкасьці з-за фінансавага крызісу. Сярод іх — Менскі трактарны завод, Менскі аўтазавод і Беларускі мэталюргічны завод. У Менскага трактарнага заводу, напрыклад, яшчэ ў чэрвені 2008 году экспарт склаў 148,1 млн. даляраў, а ў ліпені ягоны аб’ем зваліўся да 139,1 млн. даляраў. У жніўні, які стаў апошнім перадкрызісным месяцам для сусьветнай эканомікі, экспарт ізноў зьнізіўся — да 130 млн. даляраў. Як гэтая тэндэнцыя можа разьвівацца далей і што можа зрабіць кіраўніцтва краіны, каб змагацца з такімі наступствамі?”
“Гэта можа прывесьці да згортваньня вытворчасьці”
Жаліба: “Адчуваецца, што нашы банкі і прадпрыемствы, якія ў іх крэдытуюцца, адчуваюць валютную напружанасьць. Скараціліся аб’ёмы замежных валютных крэдытаў, адначасова павысіліся працэнты гэтых крэдытаў. І нашым прадпрыемствам цяжэй сёньня набываць камплектуючыя, сыравіну за межамі Беларусі. У найгоршым варыянце гэта можа прывесьці да згортваньня вытворчасьці.
Па-другое, нашы экспартэры асноўную частку экспарту накіроўваюць на расейскі рынак. Пакупніцкая здольнасьць расейскіх прадпрыемстваў, якія купляюць нашы тавары, таксама скарачаецца. Адсюль і цяжкасьці па продажы нашых трактароў, аўтамабіляў ды іншага. Ёсьць рэальная пагроза скарачэньня вытворчасьці нашых прадпрыемстваў-экспартэраў”.
Цыганкоў: “А як вы ставіцеся да ідэі, што крызіс можа мець і станоўчы ўплыў? Маўляў, расейцы зараз замест дарагой заходняй прадукцыі будуць купляць ня самую дарагую беларускую?”
Жаліба: “Я ведаю такую думку, яе выказаў нейкі вядомы расейскі эканаміст. Тэарэтычна гэта магло б паўплываць. Сапраўды, насельніцтва Расеі апошнім часам скіроўвала свой попыт на больш якасныя і дарагія заходнія аналягі тых тавараў, якія пастаўляе Беларусь на расейскі рынак. Але гэта толькі тэарэтычна. Падчас крызісаў людзі ўвогуле вымушаны менш купляць, і найперш гэта тычыцца рэчаў доўгатэрміновага карыстаньня — тэлевізараў, аўтамабіляў. Асноўная пагроза застаецца ў скарачэньні попыту на беларускую прадукцыю з боку расейскіх прадпрыемстваў”.
Цыганкоў: “Давайце з макраўзроўню спусьцімся да мікраэканомікі. Як сусьветны крызіс можа адбіцца на беларускіх малых прадпрымальніках?”
Балыкін: “Калі нашыя буйныя прадпрыемствы страчваюць канкурэнтаздольнасьць і ня здолеюць плаціць сваім супрацоўнікам, то ня будзе пакупнікоў у дробнага бізнэсу. Людзі менш будуць набываць паслугі, якія робіць дробны бізнэс, абарот прадпрымальнікаў будзе зьніжацца.
Мы ўжо цяпер бачым, што банкі перастаюць даваць крэдыты фізычным асобам і дробнаму бізнэсу — альбо працэнты высокія, альбо ўвогуле адмаўляюць.
Але ёсьць і нейкія прывабныя бакі крызісу — падае эўра. А стаўкі арэнды і падаткі разьлічваюцца ад эўра”.
Цыганкоў: “Не накаркайце, бо дзяржава заўсёды можа перавесьці гэтую стаўку ў даляры”.
Балыкін: “Можа, яна можа і ў беларускія рублі перавесьці — гэта ж няцяжка. Таксама падаюць стаўкі статутных фондаў, таму зарэгістраваць свой бізнэс цяпер каштуе ў рублях менш. Але ж які сэнс гэта рабіць у нашай краіне?”
“Ці павернецца дзяржава да малога бізнэсу?”
Цыганкоў: “Гісторыя кажа, што ў часы крызісаў, калі становіцца больш беспрацоўных, дзяржавы даюць больш волі малому бізнэсу, дробным прадпрымальнікам. Здаецца, беларускае кіраўніцтва яшчэ не ўсьведамляе, што крызіс прыйшоў надоўга. Ці павінна зараз кіраўніцтва зрабіць крок насустрач малому бізнэсу?”
Жаліба: “Беларускія ўлады даўно павінны даць больш свабоды і магчымасьцяў для разьвіцьця нашага сярэдняга і малога бізнэсу. Бо гэта хвароба даўняя і хранічная. Калі й ёсьць нейкія паслабленьні, то зь іншага боку заўсёды ідуць абмежаваньні. Але пагроза можа быць на валютным рынку. Ці можна будзе нашым прадпрымальнікам свабодна закупляць валюту на валютным рынку? Другая пагроза — ці здолеюць прадпрымальнікі свабодна закупляць прадукцыю, калі яе колькасьць на расейскіх рынках зьменшыцца і вырастуць цэны?
Але думаю, што наш дробны бізнэс прыстасуецца і выжыве, бо ён больш гнуткі і выжывае ва ўсіх неспрыяльных варунках”.
Балыкін: “Тут я падзяляю аптымізм у тым сэнсе, што наш прадпрымальнік заўсёды прыстасуецца. Увогуле зьдзіўляе здольнасьць нашага беларускага народу прыстасоўвацца да любых абставінаў, замест таго каб іх зьмяняць.
Але — ці пойдзе дзяржава насустрач малому бізнэсу? Так, робяцца нейкія крокі па лібэралізацыі. І калі параўноўваць з тым заканадаўствам, якое было раней, дык шмат у чым яно паляпшаецца. Але гэта толькі з-за таго, што раней яно было вельмі кепскім.
Зараз было б цалкам лягічным для дзяржавы лібэралізаваць рэгуляваньне малога бізнэсу. Гэта трэба зрабіць, каб малы бізнэс мог прыняць беспрацоўных, якіх можа стаць болей, каб стварыць новыя працоўныя месцы.
Але пакуль наадварот. Нагадаю, што з 1 студзеня дробныя гандляры на рынках павінны будуць мець паперы на свой тавар, і яны ня змогуць ужо плаціць падатак на дададзеную вартасьць у цьвёрдай валюце. Што яны зьбіраюцца рабіць — пакуль невядома”.