“Мэты ў іх былі — не рабаваць і забіваць, а барацьба з уладай”

Другая сусьветная вайна скончылася ў Беларусі летам 44-га году. Але працягвалася вайна іншая. У лясах Заходняй Беларусі засталося шмат людзей, якія не прызнавалі савецкай улады, не зьмірыліся з гвалтоўнай калектывізацыяй і працягвалі збройную барацьбу супраць савецкіх актывістаў і войскаў НКВД. Некалькі эпізодаў той вайны — у новай перадачы з сэрыі “Падарожжы Свабоды” пра вёску Суднікі.

Недалёка ад месца масавага зьнішчэньня габрэйскага насельніцтва мястэчка Ільля ёсьць яшчэ адно масавае пахаваньне. Якое ніяк не пазначана. Хоць у той магіле ляжаць сотні людзей. Гэта ахвяры вайны, памяць пра якую складальнікі савецкай гісторыі імкнуліся выкрасьліць з розумаў і сэрцаў. Вайны, якая ішла ў Заходняй Беларусі ад 44-га да пачатку 50-х гадоў. Ільлінскі гісторык Уладзімір Кажамяка зьбірае ўсе сьведчаньні, датычныя той забытай вайны.


Кажамяка: “О! Тут якія банды былі! Пачынаючы зь Філістовіча Янкі. І так званая банда Харытонава. Пётры Харытонава. А якая мэта была ўва ўсіх гэтых людзей? У іх была мэта — нязгода з савецкай уладай. Супрацьстаяць савецкай уладзе. Упачатку яны хадзілі свабодна, нават па вёсцы. Пасьля вайны. “Мы зробім пераварот!” У гэтым мэта іхная і задача. Ну, канечне, яны дзейнічалі спосабам якім? Засады, забойствы. Што значыць змагацца з уладай? Гэта змагацца з тым, хто падтрымлівае гэтую ўладу, хто кіруе на месцах. А з кім яшчэ?”

Суднікі — вёска, абкружаная з усіх бакоў пагоркамі. Яна пабудаваная так, нібы людзі хацелі схавацца ад чужых вачэй. У некалі паўналюдным паселішчы, дзе да гэтае пары ляжыць ідэальны брук, сёньня жывуць адно менскія дачнікі. Са старажылаў засталася толькі пара 80-гадовых бабуль. Але падзеі саракавых гадоў яны запомнілі на ўсё жыцьцё. Зінаіда Вяжэвіч, гаваркая гасьцінная бабуля, камандзіра антысавецкага фармаваньня Пятра Клімёнка, сына Харытона, упершыню пабачыла ў 1943-м. Вось пры якіх абставінах.


Вяжэвіч: “Як цалкам вайна разыгралася, пачалі вёскі паліць у Беларусі, ён прыехаў сюды. У яго на рукаве было напісана “СД”. Нашу вёску абкружылі паліць. І ён выратаваў нашу вёску. Ён пагаварыў з эсэсаўцамі, яны ўсе паехалі. З-за гэтага мы засталіся жывыя ўсе”.

Карэспандэнт: “Дык Суднікі павінны яму быць удзячныя?”

Вяжэвіч: “Так. Пётра прыехаў і выратаваў вёску”.

А вось што расказвае старая Зінаіда пра падзеі пасьляваенныя.

Вяжэвіч: “Яны хацелі зрабіць пераварот. Вось гэты Харытонаў Пётра, Клімёнак. Ён стварыў банду. Там многа паліцаяў засталося. Ён тут арудаваў у навакольлі. І ў Ільлі былі энкавэдысты, і ў Вязыні. Лавілі іх паўсюль”.

Карэспандэнт: “Карацей, ішла сапраўдная вайна”.

Вяжэвіч: “Вайна натуральная. Страшней, чым была вайна. Яны крамы рабавалі, людзей забівалі. У 48-м, 49-м ужо арганізавалі калгасы. Хто запішацца ў калгас, значыць, яны таго ноччу прыйдуць і заб’юць. І хату спаляць. Вось такое ішло. Забівалі яны і міліцыю. Тады ж не было камсамолу. Былі актывісты. Гвалтам прымусілі тут дзяўчынку паступіць у актывісты. Закрывалі Вязынскую царкву. І прымусілі вынесьці іконы яе. Яна павінна была танцуючы вынесьці на двор гэтыя іконы. Яна гэта зрабіла. Ноччу прыйшлі. Ёй паадразалі вушы, грудзі, мучылі, зьдзекаваліся, задавілі. А бацьку і мачыху стрэлам забілі, і двое дзяцей пры мачысе спала. І хату падпалілі. Вось так было…”

Вяжэвіч: “Тут толькі ў школу іх прывезьлі 200 чалавек. Мёртвых, жывых, усякіх”.

Карэспандэнт: “Гэта такі быў атрад?”

Вяжэвіч: “Так. Пётра ня здаўся. Ён забіў сам сябе. Каля дрэў як паклалі. Ён, як парсюк, здаровы быў. Мы, дзеці, лётаем. “Хто гэта?” Мы ж ведаем. “Пётра Харытонаў”. Паклікалі маці. “Ваш сын?” — “Не”. — “Ну, калі ня ваш сын, прайдзі. Лезь на грудзі яму. І прайдзі з ног да галавы”. Яна пасьля расказвала — “Я ішла, але нічога ня бачыла. Яна не магла глядзець. Сын жа ж. Але назад ад галавы яна ўжо не магла прайсьці. Яе зьнялі і адпусьцілі”.

Калі словы старой Зінаіды гучаць як абвінавачваньні, дык яе суседка, Ганна Мандрык, у чыім абліччы захавалася шмат дзіцячага, размаўляючы са мной, была асьцярожная ў ацэнках.


Мандрык: “Пасьля вайны, як ужо немцаў прагналі, уцяклі мужчыны. Тут былі, па лесе туляліся. Але іх пабілі. Ну, яны па хатах не хадзілі. Яны свае, суднікоўскія. Ноччу прыйдуць, забяруць хлеб. Ці малако са студні выцягнуць. А болей нічога, нікога не чапалі”.

Карэспандэнт: “А каго-небудзь забілі?”

Мандрык: “Яны? Не”.

Больш за ўсё старая Ганна наракае на партызанаў. Але не на ўсіх! Толькі на сваіх аднавяскоўцаў.

Мандрык: “Партызаны білі майго тату з мамай. “Давай соль, давай тое, давай гэтае”. Бандыты, не партызаны. Пайшла да дзядзькі на сяло. Кажуць: “Партызаны ідуць!” Я прыляцела дамоў. Ну што я? Абрусік са стала схапіла і кажушок. І паляцела ў гумно. І хавала ў салому. А яны праз наш двор ляцелі. “Што пратаеце?” Я кажу: “Нічога”. — “Выцягвайце, што пратаеце”. Я кажу: “Абрусік і кажушок гэты”. “Зачэм вы пратаеце?” — “Партызаны забяруць”. Гэтак і гавару ім. “Бяры, дзетка, нясі ўсё ў хату. Харошыя партызаны ня возьмуць. Толькі бандыты вашыя бяруць”. І сапраўды, нашы бандыты, хто пайшоў. З Суднікоў. Якія яны партызаны? Хадзілі абіралі людзей. Кароўнікі, злодзеі, бандыты!”

Мікалай Апяцёнак, прадпрымальнік з Маладэчна — стрыечны пляменьнік Пятра Клімёнка. Мы гутарым, шпацыруючы па суднікоўскіх могілках, дарэчы, намаганьнямі Мікалая прыведзеных у ідэальны выгляд.


Карэспандэнт: “Што казалі пра яго ў сям’і? Гэта чалавек, сваяцтвам зь якім вы ганарыцеся ці не?”

Апяцёнак: “Пётра Харытонавіч быў вымушаны рабіць тое, што ён рабіў. А што ён рабіў? Ён, можна сказаць, абараняў сапраўдных гаспадароў, сапраўдных патрыётаў, якія тут хацелі жыць. Напрыклад, мой дзед вярнуўся з ЗША, зарабіў там грошы і меў сваю ўласную гаспадарку. У яго, у дзеда, забралі ток”.

Дзед Мікалая, Харытон Клімёнак, цяжка рабіў у Амэрыцы, каб прыдбаць сваю зямлю. І каб пасьля вайны быць абрабаваным новай уладаю. Расказваючы пра свайго дзеда, спадар Апяцёнак зь цяжкасьцю стрымлівае эмоцыі. Быццам справа вядзецца пра зусім нядаўнія падзеі.

Апяцёнак: “Яны выводзілі яго ў хлеў. Расстрэльваць выводзілі. Білі жорстка. Стралялі каля галавы, з-за чаго дзед страціў слых. І да канца жыцьця быў глухі. Дык хто быў бандыт? Ці гэты Пётра Харытонавіч? Ці гэтыя партызаны? Я думаю, што большымі бандытамі былі партызаны”.

Мы даходзім да магілы Яўгена Клімёнка, якога забіў дзядзька Мікалая.

Карэспандэнт: “Гэта магіла ахвяры?”

Апяцёнак: “Ахвяры. Але ж у яго таксама былі ахвяры, у гэтага Клімёнка Яўгена Венядзіктавіча былі ахвяры. Таму можна сказаць, што гэта ахвяра сваіх ахвяраў. За калектывізацыю, за рабаваньне ўласьнікаў. Відаць, надта многа насаліў людзям. Людзі былі вымушаныя зьвярнуцца да Пятра Харытонавіча. Каб ён яго паставіў на месца”.

На пытаньне, хто ў гэтай пасьляваеннай вайне бандыты, а хто героі, адназначнага адказу шукаць ня варта. Зьверствы НКВД з танцамі на трупе нічым не саступаюць зьверствам “набожных” харытонаўцаў у адносінах да апаганьвальнікаў царквы. Але пакуль ня позна, трэба зьбіраць галасы сьведкаў. Бо бязь іх гісторыя Беларусі будзе няпоўнай.

Кажамяка: “Я задаюся пытаньнем. Калі Пётра бандыт і мэтады прымяняў бандыцкія да людзей — то чаму Кірыла Арлоўскі не бандыт? І атрымаў “героя”? Ён якраз тут дзейнічаў. Яны нападалі на пастарунак, на Ільлянскую паліцыю, зьнішчылі яе”.

Карэспандэнт: “За палякамі…”

Кажамяка: “За палякамі, так. І ёсьць такія зьвесткі ад мясцовага насельніцтва, што сам Кірыла Арлоўскі ўласнаручна застрэліў Вашнеўскага, пана. Ён быў небагаты пан, але тым ня менш. Барыню, паненку не чапалі, а таго ў ложку сам Арлоўскі. Дык вось такія яны бандыты былі. Мэты ў іх былі не рабаваць і забіваць. А мэта — барацьба з уладай”.