“Крыжы ў Курапатах ламаюць нашчадкі карнікаў”

Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 30 кастрычніка, чацьвер.

Напярэдадні дня памяці продкаў “Дзяды” і штогадовага шэсьця ў Курапаты невядомыя зламысьнікі чарговы раз апаганілі крыжы, усталяваныя ў курапацкім лесе. З гэтай нагоды СМС-допіс спадара Алеся: “Тыя асобы, якія сёньня ламаюць крыжы ахвярам сталінскіх рэпрэсій — гэта нашчадкі карнікаў, якія зьнішчалі нявінных людзей. Гэта трэба ўсьвядоміць і адпаведна ставіцца”.

У працяг тэмы наступнае тэлефанаваньне:

Спадар, Берасьце: “Мы ня маем права ніякаму чалавеку на яго магіле напісаць, што ён пракляты. Крыж — сымбаль хрысьціянства. Грэх тым, хто ўчыніў вандалізм у Курапатах. Сам Бог асудзіць вандалізм паламаных крыжоў у Курапатах, Божая ісьціна выкрывае любую злосьць шатана”.

Сёньня спаўняецца 20 гадоў першай масавай акцыі да Дня памяці продкаў “Дзяды”. Сёлетняе шэсьце ў Курапаты адбудзецца ў нядзелю, 2 лістапада. З гэтай нагоды Анатоль Жэрдзеў з Гомеля праз СМС задае пытаньне: “Ці будуць удзельнічаць у шэсьці ў Курапаты лідэры Партыі камуністаў Беларускай?” Яму адказвае намесьнік старшыні партыі Валер Ухналёў:

“Мы ніколі, сёлета таксама, не прымалі якогасьці партыйнага рашэньня, ці будзем мы як партыя прымаць удзел у “Дзядах”, ці ня будзем. Я ня ведаю, ці будзе ўдзельнічаць у гэтым спадар Калякін, а я буду. Але я там буду не як прадстаўнік Партыі камуністаў Беларускай. Я буду як шараговы грамадзянін Рэспублікі Беларусь і ня больш за тое”.

Вялікая колькасьць людзей адгукнуліся на прапанову дапамагчы народнаму паэту Рыгору Барадуліну, які знаходзіцца ў шпіталі і мае патрэбу ў леках і адмысловым харчаваньні. Тэлефанаваньні на гэтую тэму:

Ёсіф Навумчык, Віцебск: “Ухваляю ініцыятыву тых, хто арганізуе дапамогу шаноўнаму Рыгору Іванавічу Барадуліну, жадаю яму хутчэйшага выздараўленьня. Думаю, з гэтым трэба пайсьці далей. Мне вядома, у якія абцугі бярэ ўлада сяброў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў на чале з Алесем Пашкевічам. Дый матэрыяльны стан сяброў гэтага саюзу, асабліва пэнсіянэраў, пакідае жадаць лепшага. Давайце ўсёю грамадою, неабыякавай да лёсу краіны, акажам пасільную фінансавую дапамогу Саюзу беларускіх пісьменьнікаў”.

Спадар: “Вось я чую, што народны пісьменьнік Барадулін ледзь ня з голаду памірае, грошай няма. І ўлада вінавата ва ўсім. А яго кнігі ніхто не купляе. Гэта ж што за народны пісьменьнік, што народ яго кнігі не купляе? А куды глядзяць лідэры апазыцыі, бо гэта ж іх чалавек? Яго імя для іх як штандар, яны яго паўсюль выкарыстоўваюць. А памагчы яму ня могуць”.

Адказвае старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі:

“Тое, што дапамога ёсьць і можа быць яшчэ аказаная і Рыгору Іванавічу, і іншым людзям — гэта робіцца. Мы проста не займаемся такой самарэклямай. А людзі, якія збоку, яны, натуральна, нічога ня ведаюць”.

Працягваем праграму СМС-допісам: “Дзякуй спадару Карбалевічу за цікавую экспэртызу пра Палату прадстаўнікоў”.

Ільля Копыл: “Беларусь — Расея — цікавая атрымліваецца аналёгія. У Беларусі адзначылі 90 год камсамолу, у Расеі стварылі аргкамітэт па рэанімацыі камсамолу. У Беларусі пабудавалі лінію Сталіна, у расейскім горадзе Самары пачалася рэстаўрацыя бункера Сталіна. Расея капіюе Беларусь”.

Спадар:

“У амэрыканцаў усё як у людзей.
Проста сярод людзей у амэрыканцаў
Ідуць спрэчкі, дэбаты, іх вядуць кандыдаты Абама і Маккейн.
А ў нас на Беларусі я ня помню такіх падзей”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.