Настальгія, гонар і гумар – так па-чэску выглядала юбілейнае сьвята – 90 гадоў з дня ўзьнікненьня першай незалежнай дзяржавы чэхаў і славакаў.
Як мы памятаем, нядаўна беларуская грамадзкасьць на Радзіме і за мяжой адзначала 90-я ўгодкі БНР. Тады ў якасьці фантазіі мы прапаноўвалі ўявіць, як можа адзначацца напрыклад, сотая гадавіна БНР або ўвогуле, як народ можа адзначаць юбілей сваёй дэмакратычнай дзяржавы? Так, каб гэта не было занадта сумна , як на абавязковых савецкіх дэманстрацыях ці рызыкоўна, як на дэманстрацыях забароненых у Менску? Мне падалося, многія дэталі сьвята ў чэскай сталіцы маглі б упрыгожыць той будучы сцэнар.
Па-першае, прайшоў вайсковы парад. Для нашых беларускіх слухачоў гэта можа не падасца такім арыгінальным, але у Чэхіі парад адбыўся ўпершыню ад 1985-га году і прайшоў ён па найдаўжэйшай праскай вуліцы, якая называецца Evropská, ці Эўрапейская, а раней была прасьпектам Леніна. На парадзе прамаўляў прэзідэнт Вацлаў Клаўс, а прыймала яго міністр абароны ў спадніцы, Власта Парканава.
Як вядома, Чэхія ўжо некалькі гадоў з’яўляецца сябрам НАТА, і на гэтым парадзе ўпершыню грамадзкасьць пабачыла, напрыклад, знішчальнікі Грыпены, вайсковыя верталёты, або лёгкія браніраваныя машыны Дзінго, якія чэская місія ўжывае ў Аўганістане. Паводле арганізатараў параду, яго мэтай было адрадзіць традыцыі першай рэспублікі, і дэманстраваць не сілу і пампэзнасьць, а гатовасьць абараняць краіну і сваіх грамадзянаў. Таму, напрыклад, вайскоўцы таксама ўзялі на парад спэцыяльна падрыхтаваных сабак, якія так бы мовіць служаць на фронце бясьпекі : яны навучаныя знаходзіць людзей пад заваламі, наркотыкі або выбуховыя рэчывы.
Ну ў самым цэнтры Прагі ўзьнікла нават чарга, незвычайная тым, што гэта была чарга ў музэй. Нацыянальны музэй Чэхіі да сёньняшняга сьвята прымеркаваў адкрыцьцё новай выставы, прысьвечанай 90 гадоваму юбілею Чэхаславаччыны. Сотні людзей прыйшлі да адкрыцьця, выкарыстоўваючы свой выхадны, каб пабачыць рэдкія дакумэнты і экспанаты. Так, спэцыяльна да гэтай выставы у Прагу быў прывезены адзін з арыгіналаў Мюнхенскай дамовы, падпісанай Гітлерам.
Уласна Чэхаславаччына ўжо не існуе, на базе гэтай дзяржавы ўтварыліся Чэхія і Славаччына. Дзень 28 кастрычніка адзначаецца як дзяржаўнае сьвята толькі ў Чэхіі. Сёньня у цэнтры Прагі я пабачыла ня толькі чаргу ў музэй, але і тое, як чэхі літаральна ажывілі старонкі сваёй гісторыі. У вялізных палатках можна было пабачыць рэчы, дакумэнты так любімай чэхамі першай рэспублікі ( яна існавала ад 1918 да 1938 году), я бачыла ,напрыклад, арыгінальнае абсталяваньне даваеннага чэскага рэстарану, тагачасныя радыёпрыймачы, даваенныя мадэлі “Шкоды”...
Ну а эру сацыялізму прыгадвалі талёны на цукар, на мыла, патрульная машына СТВ – гэта чэская назва КДБ, і яшчэ для поўнага куражу чэхі утварылі чаргу па бананы – гэтым успамінаючы тое, што калісьці бананы , як і апэльсіны былі толькі пад Новы год. Калі я папрасіла дзеля здымка выкласьці на прылавак пабольш бананаў , то прадавец амаль усур’ёз адрэагаваў: вы што, бананы ў нас толькі пад прылаўкам.
Ну а эру сацыялізму прыгадвалі талёны на цукар, на мыла, патрульная машына СТВ – гэта чэская назва КДБ, і яшчэ для поўнага куражу чэхі утварылі чаргу па бананы – гэтым успамінаючы тое, што калісьці бананы , як і апэльсіны былі толькі пад Новы год. Калі я папрасіла дзеля здымка выкласьці на прылавак пабольш бананаў , то прадавец амаль усур’ёз адрэагаваў: вы што, бананы ў нас толькі пад прылаўкам.