На валютным рынку, у тым ліку і на рынку наяўнай валюты, захоўваецца спакойная сытуацыя, заяўляе прэс-служба Нацыянальнага банку Беларусі.
За апошні месяц курс даляра крыху падрос на тле афіцыйнага курсу 2116 рублёў за даляр. Сёньня курс куплі даляра ў розных банках вагаўся ад 2115 да 2145 рублёў за даляр.
Банк БТА на скрыжаваньні вуліц Веры Харужай і Багдановіча. Курс куплі даляра — 2130 рублёў, продажу — 2160. Стаіць маленькая чарга. Пытаюся ў касіркі: “А валюта наагул у вас ёсьць? Бываюць перабоі?”
Касірка: “Даляраў няма наагул”.
Карэспандэнтка: “І купіць нельга?”
Касірка: “А колькі вам трэба?”
Карэспандэнтка: “100”.
Касірка: “100 можна”.
Карэспандэнтка: “А чаму вы кажаце, што нельга?”
Касірка: “Я ж ня ведаю, можа, вам 10 тысяч трэба”.
Зьдзіўляюся: а што, ёсьць такія кліенты? Кажуць, што ёсьць.
***
Абменны пункт “Беларусбанку” на Камароўскім рынку. Пытаюся ў загадчыцы аддзяленьня, ці ёсьць перабоі з валютай.
Загадчыца: “Пакуль няма. Усе, хто хоча купіць, могуць гэта зрабіць. Банк заўсёды падмацоўвае. То бок чалавек захацеў 20 тысяч даляраў купіць, ён можа гэта зрабіць”.
Карэспандэнтка: “А ёсьць такія пакупнікі?”
Загадчыца: “Напэўна, ёсьць жа камэрсанты, індывідуальныя прадпрымальнікі”.
Карэспандэнтка: “І ў “Беларусбанку” перабояў з валютай дакладна няма?”
Загадчыца: “Пакуль няма. Пакуль без пытаньняў”.
Спадар: “Нячаста купляю, але ў некаторых банках продажу няма. Сёньня — ня ведаю, але ўчора і пазаўчора дакладна ў некаторых банках былі праблемы, то бок не было валюты альбо проста не прадавалі”.
***
Непадалёк ад Камароўкі перасоўны пункт абмену валюты “Белінвэстбанку”. Купля даляра — 2130, эўра — 2620. Продаж даляра —2180, эўра — 2700.
Карэспандэнтка: “Перабоі з валютай ёсьць зараз?”
Касірка: “У нас ніколі перабояў з валютай не было. У нас заўсёды ёсьць усялякая валюта ў продажы”.
***
Абменны пункт “Белпрамбудбанку” ў гандлёвым цэнтры “Імпульс”. Курс куплі — 2120 рублёў. Пытаюся, ці можна купіць 100 даляраў.
Касір: “Нельга. Разьбіраюць, попыт вялікі. Вось ужо пару тыдняў ёсьць перабоі”.
Карэспандэнтка: “Але калі пастаяць, калі хтосьці здае, можна дачакацца, каб купіць 1 тысячу, 10 тысяч?”
Касір: “Ну, калі тысячу — хвілін 20 пачакаць давядзецца. Проста калі хтосьці прыносіць і здае, адразу ж разьбіраюць”.