Раман Мянцюк папрасіў прабачэньня <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 /> <img src="/img/icon-video.gif" border=0 />

Раман Мянцюк

У Менскім раённым судзе пачаўся працэс над Раманам Менцюком, — кіроўцам, з-за якога 2 сакавіка адбылася аўтааварыя, вядомая пад назвай “жывы шчыт”.

Каб затрымаць п’янага ліхача, міліцыянты дзяржаўтаінспэкцыі перагарадзілі трасу выпадковымі аўтамабілямі, у якіх заставаліся людзі.

Раман Мянцюк абвінавачваецца ў парушэньні правілаў дарожнага руху з наступствамі ў выглядзе цяжкіх цялесных пашкоджаньняў. За гэта Крымінальны кодэкс прадугледжвае да 5 гадоў абмежаваньня ці пазбаўленьня волі. Раман Мянцюк спадзяецца на мякчэйшае пакараньне. Ён цалкам прызнае сваю віну і кажа, што хоча пачаць сумленнае жыцьцё, працаваць, каб кампэнсаваць страты, нанесеныя ягоным учынкам. Пра гэта Раман Мянцюк заявіў перад журналістамі на ўсю краіну:

“Прашу прабачэньня за тое, што я нарабіў. Я паспрабаваў жыць як нармальны чалавек, завязаў з крыміналам, але вось гэтак са мной здарылася. У выніку пацярпелі невінаватыя людзі. І я прашу гэтых людзей, калі гэта магчыма, ня тое што пашкадаваць мяне ці апраўдаць, але … Я вінаваты, адным словам”.

Нават зблізку прамову Рамана Менцюка было дрэнна чуваць з-за стракатаньня фотаапаратаў. Магчыма, упершыню ў Беларусі ў судзе журналістам далі магчымасьць рабіць здымкі цягам усяго працэсу. Вялікую ўвагу надалі працэсу і дзяржаўныя тэлеканалы. Асабліва ўсіх цікавіла асоба Рамана Менцюка.

Яму 28 гадоў, зь якіх амаль 8 ён адбыў за кратамі.
Яму 28 гадоў, зь якіх амаль 8 ён адбыў за кратамі. У Рамана Менцюка ўжо было 4 судзімасьці. На судзе ён паведаміў і пра пятую — яго судзілі за крадзеж бутэлькі малака, калі ён адбываў “хімію”. Але пракурор прапанаваў не лічыць гэта за судзімасьць, бо такія ўчынкі ўжо пераведзеныя ў сфэру адміністрацыйнай адказнасьці.

Яшчэ адна рыса, якая характарызуе падсуднага: Раман Мянцюк ніколі ня меў правоў кіроўцы, але 2 сакавіка, як і раней, шмат езьдзіў па Беларусі. У Слуцку ён сустрэўся са знаёмым, выпіў віна і, сеўшы за руль, накіраваўся ў Менск. Ехаў, як сам прызнаецца, з хуткасьцю 150—160 кілямэтраў у гадзіну. “Спадзяваўся ўцячы ад супрацоўнікаў ДАІ”, — патлумачыў свае дзеяньні Мянцюк. Таксама падсудны заявіў, што заслоны з аўтамабіляў упоперак шашы не заўважыў. Бліскучыя ліхтары сіняга і чырвонага колеру, якія прымушаюць спыніцца, паводле Менцюка, ДАІ не ўключыла:

“Хаця б яны ўключылі мігалкі, я б тады зразумеў, што далей нельга. А так я бачыў, што едуць аўтамабілі, я іх абганяў, паглядаў у люстэрка задняга віду, і раптам удар. Усё”.


Мянцюк Кажа, што ня памятае, як адбылася аварыя



Нагадаю, тры месяцы таму на судзе над супрацоўнікамі ДАІ міліцыянты казалі, што мігалкі на аўтамабілях ДАІ нібыта былі ўключаныя, а значыць, “парушальніка спынялі правільна, толькі для гэтага не хапіла часу”. Аднак пацярпелыя гэтага не пацьвярджалі. На думку некаторых удзельнікаў таго суду, Рамана Менцюка на ім не было невыпадкова — ягоныя паказаньні пра мігалкі маглі б стаць вызначальнымі і засьведчыць непрафэсійныя дзеяньні ня толькі пэўных міліцыянтаў, але і іх начальнікаў.

Ці хаваўся Мянцюк у Маскве? Сам ён кажа, што не, што зьехаў туды на заробкі, падпісаўшы толькі згоду, што ягоную адміністрацыйную справу могуць разглядаць безь яго. Пра тое, што абвешчаны ў вышук, даведаўся нібыта толькі ў чэрвені. У Маскве Раман Мянцюк працаваў “прамысловым скалалазам” і зарабіў шмат грошай, якія не пасьпеў атрымаць. Паводле зьвестак пракуратуры, на Менцюку вісіць яшчэ адна крымінальная справа — аб крадзяжы мабільнага тэлефону.

Пацярпелыя ў справе Юры Пашкевіч і Алена Каўпакова выбачэньні Рамана Менцюка пракамэнтавалі гэтак: маўляў, добра, калі чалавек раскайваецца, а ці трэба яго накіроўваць у турму, хай вырашае суд.


Юры Пашкевіч і Алена Каўпакова камэнтуюць выбачэньні Менцюка


А вось былыя супрацоўнікі ДАІ Генадзь Дарагакупец і Аляксей Ліхтаровіч ня вераць у ягонае выпраўленьне. Гэтаксама мяркуе і міліцыянт Аляксандар Кандраценя, які перасьледаваў Менцюка на аўтамабілі ДАІ:

“Мне здаецца, ніхто яго ня выправіць, ні краты, ні ён сам. Столькі лёсаў пакалечыў, у тым ліку і лёсы супрацоўнікаў ДАІ”.

Дарэчы, Генадзь Дарагакупец і Аляксей Ліхтаровіч звольненыя зь міліцыі і дагэтуль ня могуць нідзе знайсьці працу. Кожны зь іх мусіць сплаціць каля 6 тысяч даляраў кампэнсацыі.

Што да Рамана Менцюка, ён просіць суд улічыць і тое, што хутка ягоная жонка Вольга народзіць дзіця. Аднак на судзе ўжо выявіліся і супярэчнасьці паміж мужам і жонкай Менцюкамі. Вольга пры ўсіх заявіла, што будзе падаваць на развод, на што Раман адказаў: “Ну і падавай”.

Заўтра, 29 кастрычніка, у працэсе пачнуцца судовыя спрэчкі.