У нядзелю ў Літве прайшоў другі тур парлямэнцкіх выбараў. Паводле інфармацыі старшыні ЦВК Зянонаса Вайгаўскаса, перамогу атрымаў кансэрватыўны “Саюз Айчыны” — 44 мандаты са 141.
На другое месца выйшлі сацыял-дэмакраты — 26 месцаў. 16 мандатаў — у Партыі народнага адраджэньня. Партыя былога кіраўніка краіны Раландаса Паксаса будзе мець 15 месцаў у Сэйме. Партыя працы мультымільянэра расейскага паходжаньня Віктара Ўспаскіх здабыла 10 мандатаў. 11 мае рух лібэралаў, яшчэ 8 —лібэрал-цэнтрысты. Прадстаўніцтва іншых партыяў у Сойме будзе мінімальным.
Ці зьменіцца палітыка Літвы ў адносінах да Беларусі?
У літоўскім Сэйме, які складае свае паўнамоцтвы, было дзьве групы па сувязях зь Беларусьсю. Адну ачольваў беларус Вацлаў Станкевіч, другую — Раса Юкнавічэне. Спадарыня Юкнавічэне, зноў абраная дэпутатам Сэйму, — сябра прэзыдыюму партыі “Саюз Айчыны”, які атрымаў 44 мандаты. Яна лічыць, што стасункі зь Беларусьсю, калі зьмяняцца, то ў лепшы бок:
“Толькі да лепшага. Бо наша партыя вельмі зацікаўленая, каб зь Беларусьсю былі адносіны эўрапейскія, нармальныя. Канечне, гэта залежыць ня толькі ад нас, але і ад рэжыму беларускага. Калі будзе больш крокаў насустрач Эўропе, мы будзем гэта толькі вітаць, мы гатовы быць, так бы мовіць, адвакатамі беларускай справы ў Эўропе”.
Старшыня другой парлямэнцкай групы па сувязях зь Беларусьсю Вацлаў Станкевіч у новы парлямэнт не балятаваўся. Што да перамогі кансэрватараў і адносінаў да Беларусі, ён выказаў такое меркаваньне:
“Гэта адна з палітычных сіл, якая мае шмат досьведу ў палітычных справах. Кардынальных зьменаў ня будзе, я ў гэтым упэўнены, бо як для кансэрватараў, так і для сацыял-дэмакратаў, так і для прадстаўнікоў іншых партыяў стратэгічная мэта аднолькавая: нам вельмі важна абараніць Беларусь як незалежную дзяржаву, самастойную дзяржаву са сваёй мовай і са сваёй культурай”.
Што думаюць беларускія палітыкі наконт адносінаў паміж Літвой і Беларусьсю? Вось меркаваньне старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі:
“Лукашэнку зараз будзе цяжэй размаўляць з афіцыйнай Вільняй, таму што фармуецца і мае пэрспэктыву правацэнтрысцкая кааліцыя, а гэта азначае — Кубілюс, Ландсбэргіс ды іншыя постаці літоўскай палітыкі. Яны больш жорсткія, яны больш прагматычныя. Разам з тым ня трэба думаць, што нешта будзе прынцыпова іншым, бо Літва зьяўляецца часткай Эўрапейскага Зьвязу, і зьнешняя палітыка ўсё больш і больш становіцца калектыўнай і калегіяльнай. Па-другое, у літоўскім Сойме існавалі дзьве групы па працы зь Беларусьсю. Адну зь іх узначальваў Вацлаў Станкевіч. А вось другая, якую ўзначальвала Раса Юкнавічэне, яна складалася з правых, у асноўным з кансэрватараў, і яны былі больш прынцыповымі і жорсткімі”.
Першы сакратар Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін таксама лічыць, што кардынальных зьменаў ня будзе:
“Калі нешта зьменіцца, то толькі часткова. Наагул, Літва будзе гуляць паводле тых правілаў, якія існуюць у Эўразьвязе. Таму чакаць, што адбудуцца нейкія рэвалюцыйныя зьмены, ня варта. Што тычыцца ў цэлым пазыцыі ўраду, пазыцыі краіны — на мой погляд, усё будзе ў тых рамках, якія існуюць у Эўразьвязе”.