Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Наталька Васілевіч. Яна – рэдактар беларускага хрысьціянскага парталу “Царква”, рэгіянальны прадстаўнік Сусьветнага брацтва праваслаўнай моладзі “Сіндэсмас”.
Цікавіцца пытаньнямі рэлігійнай свабоды, свабоды сумленьня, міжхрысьціянскага дыялёгу, верніца Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату, якая мае свой погляд на сьвет, гісторыю, палітыку.
Адпаведная цытата ад Наталькі:
…Царква была зусім не безгалосая ў савецкія часы, а гаварыла вуснамі новых пакутнікаў пра веру Хрыстову і адданасьць Сьвятой Царкве, гаварыла іх крывёю і пакутамі, але з другога боку вуснамі афіцыйных іерархаў усхваляла савецкі лад і Савецкі Саюз. Абсалютнай нечаканасьцю стала тое, што Пасланне Сіноду БПЦ да 1020-годдзя Хрышчэння Русі ніводным словам не ўзгадала тых, дзякуючы пакутніцаку подзвігу якіх, крыві пакутнікаў, якая не маўчала, а ўсклікала да неба, і было падрыхтаванае гэтае вялікае нявяртаньне, падобнае другому Хрышчэньню Русі. Пры гэтым біскупы Сіноду Беларускай Праваслаўнай Царквы, як і іх папярэднікі, афіцыйныя іерархі савецкага часу, назвалі Савецкі Саюз, "турму народаў" – іх "адзінай сям'ёй": "Успомнім, якія падзеі ў жыцьці нашых народаў папярэднічалі 1000-годзьдзю Хрышчэньня Русі і адбыліся пасля яго. За два гады да юбілею, у красавіку 1986 году, вобраз апакаліптычнай "зоркі палыну" ўспалыхнуў сьмяротным агнём у Чарнобылі. А ў 1991-м распалася адзіная сям'я народаў.... Мы навучыліся жыць з той спадчынай, якую пакінулі пасля сябе гэтыя падзеі. Але мы не павінны забывацца на гэтыя жорсткія ўрокі і трагічныя наступствы." Такім чынам, Сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы называе распад Савецкага Саюзу падзеяй трагічнай і параўноўвае яго з выбухам на Чарнобыльскай АЭС.
Размаўляе па-беларуску зь юнацтва. Скончыла Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа. Дарэчы, праз ліцэй прайшлі яе сястра, стрыечны брат. Пасьля ліцэю паступіла на юрыдычны факультэт Белдзяржунівэрсытэту, на аддзяленьне паліталёгіі. Скончыла магістратуру, зараз завяршае вучобу ў асьпірантуры, піша кандыдацкую дысэртацыю на тэму рэлігійнай ідэнтычнасьці ў Беларусі. Вось кароткая цытата зь яе артыкула:
“Цяпер ужо спавяданьне ляяльнасьці да палітычнага рэжыму становіцца ня толькі палітычнай каштоўнаснай арыентацыяй праваслаўных, але ўжо і пэўная палітычная культура становіцца мерай аўтэнтычнасьці рэлігійнага досьведу: “сапраўдныя праваслаўныя павінны падтрымліваюць Прэзыдэнта ва ўсім”…
Сур’ёзнае захапленьне – замежныя мовы. Дасканала валодае ангельскай і польскай мовай, зараз вывучае францускую. У плянах – літоўская, грэцкая. Дарэчы, за сваё невялікае жыцьцё наведала ня менш за палову краінаў Эўропы, Аўстралію і Бразылію. Спазьнілася на самалёт да Егіпта, а ў Кенію не пусьціла мама. Піша вершы, напрыклад, такія:
Калі я стаю на Вашым шляху,
Такая няпэўная і такая разгубленая,
Не даючы Вам праходу,
І перакрываючы заадно рух грамадскага транспарту,
За што аднойчы прыцягваюся да адказнасці
Камісіяй па справах непаўналетніх І Вамі.
Калі я пішу на расцяжках Чырвоным па беламу тое,
Што можна казаць толькі шэптам,
Калі нас не болей за двое
У пакоі,
Вы разумееце гэта, Я
к парушэнне грамадскага парадку
І Вашай прыватнай прасторы
І ў мацюгальнік просіце
Спыніць гэтыя нікому, а перш за ўсё нам дваім,
Не патрэбныя дэманстрацыі.
Мне хочацца ўспомніць той дзень,
Які поўніўся пяшчотным маўчаннем,
І якога ніколі не было і не будзе,
Ні ў маёй, ні ў Вашай біяграфіі,
Аднак, які не выходзіць з маёй памяці,
Гэтак жа, як гэтыя бясконца павучальныя Вершы Блока.
Друкавалася ў “бумбамлітаўскім” часопісе “Вясковыя могілкі”. Перакладае на беларускую мову фільмы (“Любоў насамрэч” для "Беларускага Гальфстрыму", а таксама шэраг фільмаў для тэлеканалу “Белсат”), а таксама богаслужбовыя тэксты.
Шмат часу аддае “ЖЖ”. Сама сябе атэстуе так: “Інтэрнэт-хуліганка, вядомая пад нікамі “Бурбалка”, “Няльсон МанЬдзеЛЛа Раліхлахла”, “Гарбата з НатэрДаму”, “Ужо ня дзевачка” і г.д.
Вось некалькі цытатаў зь яе адказаў сваім інтэрнэт-апанэнтам:
…Я не адпавядаю імпэрскім мэтам РПЦ зь дзьвюх прычынаў: 1) такіх мэтаў і няма; 2) мэтам РПЦ я не адпавядаю ўвогуле.
…Любімы храм – у гонар сьвятых новых пакутнікаў Беларускіх у Менску, што ў Крупцах, а таксама каплічка, што ў мяне ў пакоі дома, т.зв. чырвоны кут.
…Безумоўна, збоку можа падавацца, што праваслаўе – гэта толькі тупая гульня, і ў прынцыпе, гэта натуральна, што так яно ўсё і выглядае. У тым і справа, што на Царкву нельга глядзець звонку, і зразумець яе звонку нельга, але калі трапляеш унутр, калі становісься часткай Царквы – многія рэчы становяцца проста відавочнымі.
…Безумоўна, многія разумеюць праваслаўе як пэўную канфесію, але ня так разумею я – я належу не да канфесіі і не да веравызнання, а да ЦАРКВЫ - Цела Хрыстовага, супольнасці верных. Царква - стоўп і сьцверджанне ісціны.