27 кастрычніка адбудзецца першае пасяджэньне Палаты прадстаўнікоў чацьвёртага скліканьня. Новыя дэпутаты мяркуюць у гэты дзень абраць сьпікера і віцэ-сьпікера, вызначыць структуру парлямэнцкіх камісіяў і, магчыма, абраць іх старшыняў.
Аляксандар Лукашэнка на заключным пасяджэньні Нацыянальнага сходу хваліў дэпутатаў, чые паўнамоцтвы скончыліся, за плённую законатворчую працу. А новым парлямэнтарам раіў працягваць гэтую справу:
“Значэньне абноўленай заканадаўчай базы для разьвіцьця краіны цяжка пераацаніць”.
І дэпутаты з гэтым пагаджаюцца. Уладзімер Здановіч, які абраны ў Палату прадстаўнікоў трэці раз запар, адзначае:
“Для большасьці людзей гэта, мабыць, незаўважана адбылося. Але ў нас створаныя ўжо новыя галіны права. Калі раней было права крымінальнае, у галіне эканомікі, то ў такіх галінах, як адукацыя ці ахова здароўя, не было зусім. А цяпер ёсьць пэўны досьвед. І новаму парлямэнту патрэбна будзе працаваць іншым чынам, каб ствараць ужо болей, скажам так, кадыфікаванае заканадаўства. Пераходзіць да стварэньня кодэксаў. І пераходзіць паступова ад законапраектаў, якія насілі агульны характар, дзе было даволі многа расплывістага, да законаў наўпроставага дзеяньня”.
Палітолягі адзначаюць, што ў новай Палаце як ніколі шмат дзяржслужачых высокага рангу. У прыватнасьці, гэта намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Аляксандар Папкоў, старшыня віцебскага аблвыканкаму Ўладзімер Андрэйчанка. А на роўні намесьнікаў старшыняў прадстаўленыя ўсе вобласьці. Такога ў Палаце трэцяга скліканьня не было. Традыцыйна сярод дэпутатаў шмат лекараў і пэдагогаў.
Статыстыка сьведчыць: у ніжняй палаце са 110 дэпутатаў 81 старэйшыя за 50 гадоў. Палітоляг, дацэнт Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Ўладзімер Роўда лічыць, што ад іх немагчыма чакаць плённай творчай працы:
“Безумоўна, гэты склад не дазваляе рабіць нармальныя зьмены. Ён будзе рабіць тое, што скажа прэзыдэнт. І, у прынцыпе, ніякага адрозьненьня ад таго, што было ў Нацыянальным сходзе раней, ня будзе. Яны будуць браць пад казырок і прымаць тыя законапраекты, якія ім будзе “спускаць” прэзыдэнцкая адміністрацыя”.
У новы склад парлямэнту не прайшоў ніводзін апазыцыянэр, у ніводнай з акругаў не праводзіўся другі тур галасаваньня. Многія назіральнікі выказваюць меркаваньне, што ўсе дэпутаты прайшлі па сьпісе ўлады.