Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 24 кастрычніка
Зьявілася паведамленьне, што 25 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка нечакана едзе ў Маскву. Ці зьмянілася стаўленьне Расеі да Беларусі пасьля Каўкаскай вайны? Чаму Крэмль адмаўляецца перавесьці Беларусі ўвесь крэдыт памерам 2 мільярды даляраў яшчэ сёлета? Ці напужаў Лукашэнка Крэмль пагрозай сысьці на Захад?
Удзельнікі: дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы і галоўны рэдактар часопісу “Архэ” Валерка Булгакаў зь Менску.
Расея і Беларусь пасьля Каўкаскай вайны
Валер Карбалевіч: “Беларуска-расейскія дачыненьні зноў апынуліся ў сытуацыі няпэўнасьці. Апошнія гады прэзыдэнцтва Пуціна замежная палітыка Расеі была збольшага адлюстраваньнем інтарэсаў газавай і нафтавых кампаній. Яна грунтавалася на прынцыпе: што выгадна “Газпрому”, тое выгадна Расеі. З гэтай тэндэнцыі выцякала і беларуска-расейскае пагадненьне аб паступовым пераходзе на агульнаэўрапейскія рынкавыя цэны ў гандлі энэргарэсурсамі, падпісанае на мяжы 2006—2007 гадоў.
Такая палітыка выклікала крытыку ў Расеі. Апанэнты Пуціна сьцьвярджалі, што замежная палітыка такой вялікай дзяржавы, як Расея, ня можа абмяжоўвацца толькі інтарэсамі газавай і нафтавых кампаній. Нельга дачыненьні з навакольным сьветам ставіць на камэрцыйную аснову.
Каўкаская вайна, здаецца, у нечым пацьвердзіла аргумэнты апанэнтаў Пуціна. Канфлікт з Захадам падштурхоўвае Маскву да перагляду некаторых канцэпцый замежнай палітыкі. І, здавалася, лягічным было б Крамлю, апынуўшыся без саюзьнікаў, перагледзець падыход, напрыклад, да Беларусі, адмовіцца ад ідэі рынкавых цэнаў на нафту і газ і аднавіць субсыдыяваньне беларускай эканомікі ў поўным аб’ёме. Але вось нешта не відаць такіх памкненьняў. Чаму?”
Цэны на газ і палітычныя дачыненьні
Кірыл Коктыш: “Вядома, расейска-грузінскі канфлікт паставіў пад пытаньне тую палітыку, якую Масква праводзіла ў дачыненьні да краін СНД. Гэтая палітыка будавалася на простай камэрцыйнай аснове: Расеі выгадна, калі транзыт надзейны і танны, і нявыгадна, калі транзыт праблематычны і дарагі.
Цяпер такая палітыка павінна мяняцца. Відавочна, што гэта ня будзе вяртаньне да ельцынскай палітыкі датацыяў краінам СНД. Палітычная ляяльнасьць ня будзе купляцца. Здаецца, што пытаньне пра цэны на газ будзе выкрасьлена з парадку дня палітычных дачыненьняў паміж Беларусьсю і Расеяй.
Расейскія датацыі Беларусі захаваюцца, але не праз газавыя кошты, а праз набыцьцё прадукцыі беларускай вытворчасьці з дапамогаю расейскага бюджэту. І гэтае датаваньне будзе захоўвацца да таго часу, пакуль Масква не пабудуе нафтаправод БТС-2 у абыход Беларусі”.
Каўкаская вайна зьмяніла палітычныя расклады
Валерка Булгакаў: “Пераход на рынкавыя цэны ў гандлі энэргарэсурсамі паміж Беларусьсю і Расеяй фактычна так і не адбыўся. Гэтыя цэны моцна залежалі ад бягучай каньюнктуры і выступаюць прадметам палітычнага торгу.
Расейска-грузінская вайна моцна зьмяніла палітычныя расклады. Заўважным быў страх Лукашэнкі ад факту сілавога ўмяшаньня Масквы ва ўнутраныя справы суседняй краіны. І гэта пацягнула за сабой дэкляраваны разварот Беларусі на Захад, каб забясьпечыць дадатковую “падушку бясьпекі”.
У Беларусі зьявілася новае пытаньне для торгу пра кошт энэрганосьбітаў. Гэта пытаньне аб прызнаньні Менскам незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Але калі Беларусь прызнае гэтыя ўтварэньні, дык тое акенца магчымасьцяў для дыялёгу з Захадам, якое адкрылася нядаўна і прынесла відавочны плён, у каротка- і сярэднетэрміновай пэрспэктыве зачыніцца”.
Торг вакол крэдыту
Карбалевіч: “У гэтым сэнсе цікавая сытуацыя з крэдытам у памеры 2 мільярды даляраў. Расея прыняла рашэньне выдзеліць яго Беларусі, але не адразу. 1 мільярд Менск атрымае да канца гэтага году, а яшчэ 1 мільярд — наступным годам. Кіраўніцтва Беларусі гэтым незадаволена і папрасіла крэдыт у памеры 2 мільярды даляраў у МВФ. Цікава, што Ісьляндыі, краіне-сябру НАТО, Масква гатовая выдзеліць крэдыт больш ахвотна, чым нібыта бліжэйшаму саюзьніку — Беларусі. Чым гэта патлумачыць?”
Коктыш: “Ісьляндыя была афшорам. Расея, заявіўшы аб выдзяленьні ёй крэдыту, ратуе свае 20 мільярдаў даляраў, якія там знаходзяцца.
Выдзяленьне Расеяй крэдыту Беларусі з адтэрміноўкай — адказ Масквы на пазыцыю Менску па пытаньні прызнаньня незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі.
На мой погляд, для Беларусі было б больш правільна заявіць, што мы ня можам прызнаць незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі зь нейкіх прычын. Тое, што Лукашэнка ператварыў гэтае пытаньне ў прадмет гандлю, — памылка. Для Расеі гэта непрымальна. Калі пазьней Беларусь прызнае гэтыя рэспублікі, то яна нічога не атрымае ад Масквы, а толькі страціць свае пазыцыі ў стасунках з Захадам.
Выдача крэдыту з адтэрміноўкай — гэта сьвядомы разьлік Расеі. 1 мільярд гэтым годам — гэта сума, якая дазваляе ператрываць, але давядзецца скараціць пэўную колькасьць праграм. Таму Менск і зьвярнуўся да МВФ, каб Захад пацьвердзіў грашыма свой намер будаваць новыя дачыненьні зь Беларусьсю. Але цяпер другую рэчаіснасьць стварае ўжо не расейска-грузінскі канфлікт, а фінансавы крызіс”.
Булгакаў: “Мусіць, рэальная цана пытаньня аб прызнаньні Менскам незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі значна большая. Калі Беларусь прызнае іх, то ўсялякая гульня з МВФ стане немагчымай. Усе наступствы гэтага прызнаньня невядомыя”.
Ці напужаў Лукашэнка Крэмль пагрозай сысьці на Захад?
Карбалевіч: “Большасьць экспэртаў адзначалі, што цяперашнія заляцаньні Беларусі да ЭЗ адной з мэтаў маюць націснуць на Маскву, зрабіць яе больш ляяльнай да Менску, каб утрымаць адзінага саюзьніка. Ці напужаў Лукашэнка Крэмль пагрозай сысьці на Захад?”
Коктыш: “Вядома, не. Найперш трэба заўважыць, што Расея сама ўжо даўно на Захадзе. Яна мае там трывалых эканамічных партнэраў: Нямеччына, Францыя і інш. У пэрыяд крызісу для эўрапейскага матора адзіны шанец выжыць — гэта атрымаць расейскае паліва”.
Булгакаў: “Ня згодзен са сп. Коктышам. Пасьля Каўкаскай вайны разьдзяляльная лінія паміж Расеяй і Эўропай павялічылася на шмат якіх геапалітычных пляцоўках (Усходняя Эўропа, Каўказ). Масква спрабуе кампэнсаваць спаўзаньне ў эўраазіяцкі аўтарытарызм коштам двухбаковых сувязяў з эўрапейскімі лідэрамі, даходзячы да іх подкупу. Возьмем выпадкі з Бэрлусконі і Шродэрам. Узмацніліся геапалітычны, ідэалягічны падзелы.
Парадаксальна, але беларускі рэжым цяпер больш лібэральны, чым расейскі. Упершыню рэжым Лукашэнкі стаў так зацікаўлены ў збліжэньні з Захадам. Але гэта можа аказацца кароткатэрміновым і каньюнктурным пэрыядам”.
Коктыш: “Не пагаджуся, што адбываецца ідэалягічная канфрантацыя паміж Захадам і Расеяй, бо ні ў таго, ні ў другога боку няма ніякай ідэалёгіі. Таксама не пагаджуся, што Расея імкнецца падкупіць эўрапейскіх лідэраў.
Апошнімі днямі Мядзьведзеў заявіў пра магчымасьць стварэньня газавай ОПЕК. Гэта азначае парушэньне тых дамоўленасьцяў, якія былі, ва ўсялякім разе, з ЗША. Але падчас крызісу дамоўленасьці не працуюць. То бок Расея імкнецца адарваць газавыя кошты ад нафтавых цэнаў. Хоць гэта і рызыкоўная гульня”.