Візыт патрыярха — палітычны

Рэклямны плякат на ўваходзе ў супэрмаркет

Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Аляксіем II, які знаходзіцца ў Беларусі. Паводле кіраўніка краіны, гэты візыт — “буйная палітычная падзея”.


Прымаючы патрыярха, Аляксандар Лукашэнка паабяцаў, што Беларусь “заўсёды будзе апірышчам праваслаўнай царквы” і будзе ісьці ранейшым курсам. Пры гэтым А.Лукашэнка адзначыў, што “праваслаўная царква — гэта 85% вернікаў”.

“Ваш прыезд у Беларусь — гэта ня толькі падзея для вернікаў, гэта буйная палітычная падзея. Царква вельмі многа зрабіла, каб у нас быў мір і стабільнасьць. Напэўна, больш, чым любы іншы інстытут у нашай краіне”.

Таксама А.Лукашэнка назваў патрыярха сваім настаўнікам і сапраўдным сябрам, парады якога яму дапамагалі прымаць правільныя рашэньні, накіроўваць эмоцыі ў правільнае рэчышча.

Патрыярх падзякаваў за дапамогу ў аднаўленьні і будоўлі праваслаўных храмаў. Маўляў, дзякуючы кіраўніку Беларусі краіна “паўстала, як фэнікс”.

“Мы ў многіх месцах Беларусі з вамі сустракаліся. І я ведаю, як цэніць і любіць вас народ Беларусі за ваш уклад. І ваша такое даступнае, простае стаўленьне да людзей прываблівае”.

Паводле палітоляга, доктара філязофскіх навук Вячаслава Оргіша, названая лічба, што ў Беларусі 85% праваслаўных — гэта перабор.

“Дакладнай інфармацыі тут не існуе. Розныя крыніцы прыводзяць розныя дадзеныя. Адны кажуць пра 70%, іншыя — пра 80%. Ва ўсякім разе, канфэсійны склад краіны досыць істотна за апошні час трансфармаваўся. Склад каталіцкай царквы пашыраецца, набіраюць прыхільнікаў пратэстанты”.

У чым жа палітычнасьць візыту патрыярха? Філёзаф, мэдыйны аналітык Алесь Анціпенка зьвяртае ўвагу, што ён праходзіць перад маючым адбыцца неўзабаве візытам кіраўніка Беларусі ў Маскву:

Алесь Анціпенка
“Напэўна, у гэтым ёсьць нейкі сэнс, бо Расейская праваслаўная царква заўсёды была калі ня правай, то левай рукой улады. РПЦ можна разглядаць як палітычны інструмэнт падтрымкі цяперашняй улады ў нашай краіне і ў Расеі.

Гэта можна таксама разглядаць у кантэксьце цяперашніх перамоваў Менску і Масквы адносна коштаў на газ. І таго працэсу торгу, які адбываецца вакол розных дадатковых умоваў атрыманьня нізкіх коштаў на газ. Спадар патрыярх, па прызнаньні самога Аляксандра Рыгоравіча, — ягоны вялікі сябар. Таму ня выключана, што патрыярх Аляксій таксама можа мець нейкае дачыненьне да таго, каб спрыяць беларускаму рэжыму ў перамовах з Крамлём”.

Адмыслоўцы мяркуюць, што з магчымым прыездам у Менск папы рымскага візыт патрыярха ніяк не зьвязаны. Адзін з прадстаўнікоў Беларускай праваслаўнай царквы адзначыў у размове з карэспандэнтам “Свабоды”, што гэтае пытаньне не закраналася.