Сьвята паэзіі на радзіме Анатоля Сыса

Магіла Анатоля Сыса

26 кастрычніка ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёну Гомельшчыны будзе ўрачыста адкрыты помнік Анатолю Сысу.

Культаваму паэту пакаленьня “Тутэйшых” у гэты дзень споўнілася б 49, але ўжо больш за тры гады яго няма на гэтым сьвеце.

На ўрачыстасьць у Гарошкаў зьбіраюцца ехаць Сяргей Законьнікаў, Леанід Дранько-Майсюк, Андрэй Хадановіч, іншыя беларускія літаратары, мастакі, сябры паэта і проста прыхільнікі ягонай творчасьці. Гаворыць намесьнік старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў паэт Эдуард Акулін:

“У 12 гадзін мы зьбіраемся на Гарошкаўскіх могілках, дзе адбудзецца ўрачыстае адкрыцьцё помніка. Нарэшце агульнымі сіламі, талакой мы збудавалі помнік, варты памяці Анатоля. Будзе асьвячэньне помніка, ускладаньне кветак, і ўрачыстасьць перамесьціцца на радзінны падворак Анатоля”.

Помнік на магіле ў роднай вёсцы Анатоля Сыса ўсталяваны яшчэ ўлетку, яго зрабіў скульптар Генік Лойка. Але ўрачыста адкрываць помнік вырашылі ў дзень народзін паэта, бо менавіта ў гэты дзень ужо ў трэці раз на радзіме Анатоля Сыса адбудзецца сьвята паэзіі, прысьвечанае яго памяці. Пройдзе яно на падворку роднай хаты паэта, бо памяшканьня мясцовага Засьпінскага палаца культуры ўлады не даюць. Эдуард Акулін працягвае:

“На жаль, і ў гэтым годзе дазвол на правядзеньне сьвята ў мясцовым палацы культуры мы не атрымалі. І таму ўсе госьці гэтага сьвята — а на яго зьяжджаюцца паэты і з Рэчыцы, і з Гомелю, і зь Менску — будуць пад адкрытым небам. Спадзяюся, што Бог, як і ў папярэднія два разы, будзе нам спрыяць і падаруе нам добрае восеньскае надвор’е”.

Для тых, хто хоча паехаць на сьвята паэзіі ў гонар памяці Анатоля Сыса, паведамляем, што зрабіць гэта можна аўтобусам да Рэчыцы і адтуль зноў жа аўтобусам да Гарошкава, альбо цягніком да Гомелю і адтуль аўтобусам да Гарошкава.