Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны 26 кастрычніка правядзе Х зьезд арганізацыі. Стратэгія ТБМ – пашырэньне шэрагаў прыхільнікаў, зьмены ў законе аб мовах , беларускамоўная адукацыя.
Алег Трусаў прапануе таксама Аляксандру Лукашэнку заплянаваць свой удзел у сьвяткаваньні юбілею Грунвальду.
У першасных арганізацыях і рэгіянальных суполках ТБМ зараз завяршаюцца справаздачна-выбарныя канфэрэнцыі. Зьмест пытаньняў, якія ўзьнімаюцца, - ад арэнды памяшканьняў, да вылучэньня прадстаўнікоў рэгіёнаў у кіроўныя структуры арганізацыі, кажа старшыня суполкі ТБМ у Магілёве Алесь Дзячкоў:
“У Раду ўваходзіць шмат шаноўных людзей, але гэта пераважна сталыя людзі. Дык вось буду прасіць зьезд, каб туды патрапілі некалькі чалавек ад Магілёву. Гэта пераважна моладзь. Далей будзем гаварыць пра нашы мэты і задачы адносна пашырэньня беларушчыны. Бо магчымасьці ёсьць, але яны не задзейнічаны”.
Магілёўская суполка ТБМ – адна з тых, каму ўдалося наладзіць плённае супрацоўніцтва з гарадзкімі ўладамі. Масавым рухам Таварыства беларускай мовы называюць таксама на Лідчыне. Тут каля паўтысячы актывістаў. Аднак кіраўнік гарадзкога таварыства Станіслаў Суднік мяркуе, што галоўным на зьезьдзе павінна стаяць ня колькаснае пытаньне арганізацыі, а якасьць ягонай дзейнасьці:
“Ёсьць асноўная задача, якую ТБМ аказалася ня ўстане вырашыць – гэта пытаньне беларускамоўнай адукацыі. Мы бы хацелі, каб яно на зьезьдзе стала краевугольным каменем”.
Яшчэ адной буйной і дзейснай арганізацыяй ТБМ зьяўляецца Віцебская абласная суполка, якой кіруе Іосіф Навумчык. Пытаньне, якое неабходна падымаць на зьезьдзе – гэта пошук новых сяброў арганізацыі, кажа ён:
“Я, да прыкладу, ведаю доктарку ў Барысаве, якая вядзе прыём па-беларуску і заўсёды размаўляе па-беларуску. Але, наколькі я ведаю, яна не зьяўляецца сябрам нашай арганізацыі. І такіх людзей вельмі і вельмі шмат. У тым крызысным стане, у якім знаходзіцца сёньня нашая мова, яе ўжываньне і распаўсюд – гэта сытуацыя вялікага нашага неспакою”.
Праблема актыўных сяброў арганізацыі асабліва заўважная на Берасьцейшчыне і ў Гомелі, дзе нават не зарэгістраваная гарадзкая суполка. Аднак напярэдадні 20-гадовага юбілею ня кожная грамадзкая арганізацыя мае больш за 5 тысяч актыўных сяброў і мноства прыхільнікаў. Паводле старшыні Алега Трусава, сёньня Таварыства беларускай мовы павінна вырашыць дзьве асноўныя задачы:
“Першая галоўная задача – гэта ўнесьці зьмены ў закон аб мовах з мэтай скасаваньня “ці” і “або”. Бо гэтыя два словы даюць магчымасьць чыноўнікам наагул не карыстацца беларускай мовай і нічога па-беларуску не рабіць. Другая задача – гэта перапіс насельніцтва. І мы павінныя зьвярнуць увагу, каб грамадзяне не забываліся якая ў іх мова родная. Плянуецца таксама зварот да ўладаў, каб годна адзначыць 600-годзьдзе перамогі пад Грунвальдам. Можа Лукашэнку на Грунвальдзкае поле і пусьцяць. І хай бы ён там пастаяў, побач з прэзыдэнтамі Літвы і Польшчы”.
У Законе Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь у артыкуле 8 "Мова справаводства і дакуметацыі" гаворыцца:
" У Рэспубліцы Беларусь мовамі справаводства і дакументацыі, а таксама мовай узаемаадносін дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў з’яўляюцца беларуская і (ці) руская мовы.
Тэксты на пячатках, штампах, штэмпелях, фармулярах, афіцыйных бланках дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў выконваюцца на беларускай і (ці) рускай мовах."