Суд — завочны, штраф — рэальны


Сёньня актывіст АГП і назіральнік за выбарамі ад АДС з Калінкавічаў Дзяніс Рабянок атрымаў па пошце пастанову Ельскага раённага суду.

Тамтэйшы судзьдзя Сігай завочна вынес пастанову — аштрафаваць актывіста за парушэньне заканадаўства аб выбарах на 1 мільён 50 тысяч беларускіх рублёў. Гэта складае ў эквіваленце блізу 500 даляраў.

У судовай пастанове канстатуецца, што спадар Рабянок нібыта наўмысна ўхіляўся ад яўкі ў суд. Гэта яго моцна зьдзівіла:

“Я нават прасіў паштальёнку, калі мне прыйдзе нейкая позва з суду, міліцыі ці яшчэ адкуль, каб яна ў скрынку ня кідала, а аддала мне ці маім сваякам у рукі. Я сам вельмі хацеў патрапіць на суд, каб паглядзець у іх ілжывыя вочы. Справа цалкам высмактана з пальца. Зараз кажуць пра пацяпленьне дачыненьняў з Эўропай, пра нейкую дэмакратызацыю. Ніякай дэмакратызацыі ў нас няма. Рэжым сочыць і карае ўсіх, хто хоць неяк выяўляе сваю палітычную ініцыятыву”.

Напярэдадні парлямэнцкіх выбараў Дзяніса Рабянка выклікалі ў Калінкавіцкую пракуратуру, дзе яго дапытваў памочнік ельскага раённага пракурора Юры Кушнярук. Ён паведаміў актывісту, што пракуратура распачала супраць яго адміністрацыйную справу паводле артыкулу 9.10 Кодэксу аб адміністрацыйных парушэньнях. Актывіста абвінавацілі ў тым, што яшчэ ў жніўні ён, ня будучы сябрам ініцыятыўнай групы, нібыта зьбіраў подпісы ў Ельску за кандыдата ў дэпутаты ад АДС у Палескай выбарчай акрузе № 43 Мікалая Гаўрыленку. Актывіста нібыта пазналі па фатаграфіі дзьве ельскія жанчыны. І хаця спадар Гаўрыленка вылучаўся кандыдатам у дэпутаты праз партыйны пратакол, а ня шляхам збору подпісаў, матэрыялы супраць Дзяніса Рабянка накіравалі ў суд.

Завочны суд адбыўся яшчэ 10 кастрычніка. А пастанову актывіст атрымаў толькі сёньня. Цяпер праблематычна падаць нават касацыйную скаргу, бо адпушчаны на гэта дзесяцідзённы тэрмін ужо мінуў.