Старшыня Барысаўскага гарадзкога габрэйскага грамадзкага аб’яднаньня “Сьвятло мэноры” Міхаіл Перац паведаміў “Свабодзе” пра заканчэньне пашпартызацыі пахаваньняў на двух габрэйскіх могілках у горадзе.
“У нас цяпер ёсьць поўны пералік усіх пахаваньняў: прозьвішчы і імёны. Тым, хто прыяжджае ў Барысаў і шукае сваіх сваякоў, мы рэальна можам паказаць, дзе знаходзіцца пахаваньне”.
Са словаў Міхаіла Пераца, пры пашпартызацыі габрэйскіх могілак у Барысаве выявіліся страты ад вандалізму апошняга часу:
“Напрыклад, на могілках па вуліцы 8 Сакавіка цяпер каля 60 помнікаў, якія паваленыя і разьбітыя. А на могілках у Старым горадзе такіх вельмі шмат. Канкрэтную лічбу нават назваць цяжка”.
Міхаіл Перац таксама паведаміў, што ў Барысаве нядаўна быў выкрыты і асуджаны адзін з пагромшчыкаў габрэйскіх магілаў. Цяпер ён мусіць зарабіць у турме сродкі на аднаўленьне 16 разбураных помнікаў.