Сёньня спаўняецца чатыры гады з дня забойства беларускай журналісткі Веранікі Чаркасавай. З гэтай нагоды журналісты ўскладуць кветкі на могілках у Калодзішчах, дзе пахаваная Вераніка.
Апошнія гады свайго жыцьця Вераніка Чаркасава працавала ў недзяржаўнай газэце “Салідарнасць”.
Яна была жорстка забітая 20 кастрычніка 2004 году ў сваёй кватэры ў Мінску. Яе цела са шматлікімі нажавымі раненьнямі знайшлі 15-гадовы сын Антон Філімонаў і яе айчым Уладзімер Мялешка.
Асноўнай вэрсіяй было прызнана забойства на бытавой глебе.
Аднак вынікі журналісцкіх расьсьледаваньняў падмацоўваюць думку, што забойства Веранікі Чаркасавай зьвязана зь яе прафэсійнай дзейнасьцю.
Сьледзтва некалькі разоў аднаўлялі і зноў прыпынялі з фармулёўкай: “у сувязі зь невысьвятленьнем асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага”.
Паводле прэсавай службы Беларускай асацыяцыі журналістаў, на пачатку кастрычніка кіраўнік сьледчага аддзелу менскай пракуратуры Сяргей Іваноў адзначыў, што сьледзтва ня можа паведаміць па справе нічога новага, а расьсьледаваньне па-ранейшаму прыпынена.